Прыёмам каратэ навучаць у Сянно
Давялося патрапіць на трэніроўку ў гурток «Рукопашный бой», які не першы год дзейнічае пры Сенненскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі. І, ведаеце, была ўражана тымі дзецьмі, якія наведваюць заняткі Уладзіміра Санько. З жывым бляскам у вачах выхаванцы сачылі за кожным рухам свайго настаўніка. З вялікім стараннем выконвалі заданні. Па словах дзяцей, заняткі ў гуртку даюць магчымасць навучыцца прыёмам абароны, каб у небяспечных сітуацыях дапамагчы сабе і сваім блізкім.
Уладзімір Віктаравіч шмат чаму можа навучыць. Ён — кандыдат у майстры спорту па боксе, майстар спорту па класічнай барацьбе і каратэ. Апроч таго — былы дэсантнік. Уладзімір Санько жыве ў в.Александрова, але адлегласць не перашкаджае прыязджаць да дзяцей не толькі ў Сянно, але і ў Студзёнку. «Дзеці — мая стыхія, — гаворыць трэнер. — я вучу іх карыснаму. Канешне, тых, хто гэтага хоча». Дарэчы, Уладзімір Віктаравіч яшчэ трэнер па боксе і каратэ.
Дзеля дзяцей ён гатоў падстроіцца і пад ўмовы надвор’я, і пад жаданні гурткоўцаў. Уладзімір Віктаравіч не абмяжоўваецца часам, які адведзены для трэніроўкі. Цэлае лета хадзіў з дзецьмі на возера, у паходы, падарожнічаў па раёне.
На занятках гурткоўцы не толькі вучацца спецыяльным прыёмам адзінаборства, яны ганяюць мяч, гуляюць у шашкі. Трэнеру хочацца, каб яго выхаванцы былі моцнымі, спрытнымі, як у фізічным плане, так і ў плане мыслення.
У наш час складана чымсьці зацікавіць дзяцей. Тэлебачанне, камп’ютары, мабільныя тэлефоны дыктуюць правілы вольнага часу. Уладзімір Віктаравіч знайшоў сваю кагорту. Будзем спадзявацца, што і дзеці не памяняюць абраныя прыярытэты.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.