Энергетыка стала лёсам

Восем гадоў узначальвае Сенненскі раённы вы­твор­чы ўчастак Аршанскага аддзялення філіяла «Энергазбыт» РУП «Віцебскэнерга» Уладзімір Леанідавіч Лейчанка.

 А пачынаў ён свой працоўны шлях на будаўнічым участку Сенненскага завода сухога абястлушчанага малака падсобным рабочым. Пазней працаваў электраманцёрам райсельэнерга. Потым была армія. Тут вельмі дарэчы спатрэбіліся вадзіцельскія правы, атрыманыя ў час вучобы ў другой сенненскай школе: службу праходзіў у аўтамабільных войсках у Гродне, у в/ч 04110К, якая займалася абслугоўваннем каманднага саставу штаба арміі.

 Дэмабілізаваўшыся, стаў працаваць у райа­гра­прамэнерга­ электраманцёрам-шафёрам. Пасля расфарміравання арганізацыі на нейкі час уладкаваўся майстрам вытворчага абучэння Сенненскага філіяла Аршанскай аўташколы ДТСААФ. Потым зноў вярнуўся ў энергетыку, інспектарам Сенненскага вытворчага ўчастка «Энерганагляд». Дарэчы,у 1989 годзе У.А.Лейчанка стаў ужо дыпламаваным спецыялістам з вышэйшай адукацыяй, скончыўшы Беларускі інстытут механізацыі сель­скай гаспадаркі.

 З 2003 года Уладзімір Леанідавіч займае сваю цяперашнюю пасаду. Асноўны паказчык работы арганізацыі, якую ён узначальвае, — падтрыманне аптымальнага працэнту страт электраэнер­гіі, якія адбываюцца пры яе выкарыстанні. Гэта лічба не павінна перавышаць 12%. У апошнія гады ўстаноўлены паказчык Сенненскім участкам энергазбыту выконваецца. Дасягаецца станоўчы вынік за кошт правільнай арганізацыі працэсу рэалізацыі электраэнергіі спажыўцам, пільнага кантролю за захаваннем велічынь і рэжымаў спажывання электраэнергіі, пастаяннага вя­дзен­ня работы па зніжэнні яе выкарыстання, своечасоваму выяўленню страт і збору грашовых сродкаў за адпушчаную электрычную энергію.

 Умелае кіраўніцтва ка­лекты­вам па выкананні гэтага комп­лексу работ дазваляе Сенненскаму энергазбыту са сваімі задачамі спраўляцца паспяхова.

 У апошні час эканомія электраэнергіі дасягаецца за кошт замены індукцыйных лічыльнікаў на больш дакладныя электронныя. На новабудоўлях устанаўліваюцца толькі новыя прыборы.

 Прафесійная дзейнасць, канечне, важная састаўляючая чалавечага існавання. Але не толькі работай жыве чалавек. Уладзімір Лейчанка —  бацька дваіх дзяцей. Старэйшая дачка Вольга —  студэнтка інстытута працоўных і сацыяльных адносін, сын Андрэй заканчвае школу. Нядаўна дзеці і жонка Галіна Іванаўна, разам з іншымі сваякамі, павіншавалі Ула­дзі­міра Леанідавіча з 50-год­дзем. Мы таксама далучаемся да віншаванняў і жадаем юбіляру здароўя і поспехаў у працы.

 Таццяна Буракова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *