Местные органы власти  заботятся о создании надлежащих условий для агитации

Акруговыя выбарчыя камісіі яшчэ нават не рэгістравалі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а мясцовыя органы ўлады ўжо дбаюць пра стварэнне належных умоў для агітацыі.

 

2 кастрычніка Сенненскі раённы выканаўчы камітэт прыняў адразу тры рашэнні.

 Галоўнае, каб не перашкаджалі руху

 Рашэннем № 825 на падставе п.4 ч.6 арт.24, ч.1 арт.45 1 Выбарчага кодэкса вызначаны месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў. Сходы па-за памяшканнямі, мітынгі, пікетаванні, што будуць арганізоўвацца кандыдатамі ў дэпутаты, можна праводзіць у любых прыгодных для гэтага месцах, аднак не бліжэй чым за 20 метраў ад будынкаў Сенненскага райвыканкама, суда Сенненскага раёна, пракуратуры Сенненскага раёна, Сенненскага раённага ваеннага камісарыята, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, Сенненскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

 Яшчэ адна абавязковая ўмова – правядзенне  масавых мерапрыемстваў не павінна замінаць руху пешаходаў, асабістага, грамадскага і іншых відаў транспарту.

 Залы для сустрэч адкрыты

 Рашэннем № 826 вызначаны памяшканні для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі, а таксама для перадвыбарчых сходаў, што будуць арганізоўвацца выбаршчыкамі.

 Кіруючыся п.2 ч.6 арт.24, ч.7 арт.45 Выбарчага кодэкса Сенненскі райвыканкам вырашыў, што для гэтых мэт могуць быць выкарыстаны глядзельная зала Сенненскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, чытальныя залы бібліятэк, актавыя залы ўстаноў адукацыі, актавыя залы прадпрыемстваў і арганізацый.

 Больш за тое, кіраўнікі арганізацый, дзе будуць праводзіцца сустрэчы, павінны забяспечыць кандыдатам у дэпутаты і выбаршчыкам доступ у памяшканне для правядзення сустрэч з захаваннем неабходных санітарных норм і мер пажарнай бяспекі.

  Плакаты – наперад

 Дзе можна будзе размяшчаць агітацыйныя плакаты?

 У перыяд выбарчай кампаніі на тэрыторыі Сенненскага раёна гэта можна будзе зрабіць на дошках аб’яў у населеных пунктах, інфармацыйных стэндах, у аконных вітрынах альбо ўваходных групах будынкаў, у тым ліку прадпрыемстваў гандлю і бытавога абслугоўвання, устаноў аховы здаро’я, культуры, адукаці, паштовай сувязі. Кіраўнікам арганізацый прадпісана да 18 кастрычніка падрыхтаваць стэнды, вызначыць асобу, адказную за размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў, вырабленых у адпаведнасці з заканадаўствам. Рашэнне № 827 прынята зыходзячы з п.3 ч.13 арт.45 Выбарчага кодэкса.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.