Подведены результаты районного конкурса профессионального мастерства педагогических работников Сенненщины  

Алена Зелентава, дырэктар другой гарадской школы, прызнана лепшай у конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў Сенненскага раёна ў намінацыі “Кіраўнік года”. Яна адзначана дыпломам І ступені і спецыяльным падарункам ад РГА “Белая Русь”.

 Алена Аляксандраўна будзе прадстаўляць Сенненшчыну на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства кіраўнікоў устаноў адукацыі “Кіраўнік года-2019”, які адбудзецца восенню.

Падвялі вынікі раённага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў. Магчымасцю падзяліцца вопытам і пераняць самае перадавое скарысталіся 33 спецыялісты. Штогадовае мерапрыемства праводзіцца ў мэтах выяўлення і распаўсюджвання напрацовак лепшых педагогаў Сенненшчыны, накіравана, у першую чаргу, на павышэнне якасці адукацыі, развіццё творчых ініцыятыў педагагічных работнікаў па рэалізацыі зместу навучальных праграм, росту прафесійнага майстэрства, а таксама эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў сферы адукацыі.

 Сёлета конкурс праводзіўся ў абноўленым фармаце — у трох  намінацыях: “Педагагічны дэбют”, “Кіраўнік года” і “Настаўнік года”. Ідэйным натхняльнікам правядзення мерапрыемства ў новай форме выступіла Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама.

 Як і заўжды конкурс праходзіў у некалькі этапаў – завочны і вочны. На заключным этапе ў  РЦКіНТ прысутнічалі не толькі прадстаўнікі педагагічных калектываў, маладыя спецыялісты, кіраўнікі раённых метадычных фарміраванняў, але і навучэнцы 10-11 класаў гарадскіх школ, якія вырашылі звязаць сваю будучыню з педагагічнай дзейнасцю.

 У намінацыі “Настаўнік года” бралі ўдзел 14 вопытных педагогаў. Па выніках адборачнага тура, заданнем якога было прадставіць эсэ на тэму “Мае вучні – мае настаўнікі”, а таксама стварыць настаўніцкі сайт, у вочны этап выйшлі сем педагогаў. На працягу некалькіх дзён яны давалі адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах, праводзілі майстар-класы. Па словах настаўнікаў-прадметнікаў гэта быў своеасаблівы экзамен, падчас якога прыйшлося даказваць сваю дасведчанасць і адданасць справе. Педагогам года была названа Ніна Печанькова, выкладчык хіміі Студзёнкаўскай ДССШ, якая лепш за ўсіх змагла раскрыцца як прафесіянал і асоба. Спецыяльным падарункам ад РА ГА “Беларускі саюз жанчын” быў адзначаны Сяргей Ермакоў, выкладчык фізікі Какоўчынскай ДССШ, за падтрымку ўдзельніц конкурсу пры правядзенні майстар-класаў, творчае стаўленне да прафесіі, аптымізм і абаяльнасць.

 Конкурс аб’яднаў не толькі настаўнікаў са шматгадовым стажам. У намінацыі “Педагагічны дэбют” змаглі заявіць пра сябе 8 маладых спецыялістаў. Па выніках праведзеных конкурсных мерапрыемстваў у фінал выйшлі трое. Юлія Камілава, выкладчык англійскай мовы Беліцкай ДССШ, Ірына Яўменчык, выхавацель Студзёнкаўскай ДССШ, і Марыя Цыноўкіна, выкладчык нямецкай мовы Машканскай ДССШ, прадстаўлялі свае візітоўкі. Нямала хваляванняў і эмоцый давялося перажыць дзяўчатам, якія імкнуліся данесці да членаў журы, што няма межаў для развіцця і вывучэння новага. Выступленне кожнай было яркім і шчырым. Юля Камілава і Марыя Цыноўкіна даказвалі, што маладосць – не перашкода для плённай працы. А Ірына Яўменчык пераконвала ў тым, што за бачнай прастатой яе справы хаваецца сур’ёзная работа, накіраваная на рознабаковае развіццё маленькага чалавека.

-У нас падрастае годная педагагічная змена, — трымаючы слова адзначыла Святлана Панушкіна, намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама, якая асабіста віншавала ўдзельнікаў і прызёраў намінацыі. Перамогу святкавала Марына Цыноўкіна. Ірына Яўменчык была ўдастоена Дыплома ІІ ступені і спецыяльнага падарунка ад РК ГА “БРСМ”.

 

 У намінацыі “Кіраўнік года” з 11 прэтэндэтаў у фінале сустрэліся трое: Алена Зелентава, дырэктар СШ №2 г.Сянно, Святлана Іванькова — Машканскай ДССШ, і Святлана Белікава – Студзёнкаўскай ДССШ. Для Алены Зелентавай перамога – гэта адначасова і радасць, і адказнасць. Але ў першую чаргу,  пацвярджэнне таго, што яна прафесійна вядзе справы. Яе галоўны сакрэт у працы – уменне падаваць асабісты прыклад ва ўсім, пры гэтым не баяцца прызнаваць свае памылкі.

 Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў. Прызёры і пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прызамі ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.