“Раз в крещенский вечерок»

Што б не казалі, а, напэўна, кожны з нас чакае нечага незвычайнага ад навагодняй ночы. Хтосьці марыць знайсці пад ёлачкай доўгачаканы пада­рунак, іншыя пад бой курантаў загадваюць жаданні. А дзяўчаты пачынаюць гадаць. Лічыцца, што ў навагоднюю і калядную ноч можна зазірнуць у будучае. У гэта верылі нашы бабулі і мамы. А як лічаць сучасныя дзяўчаты, мы запыталі ў іх асабістаі задалі наступныя пытанні:

 — Ці верыце ў цуды? І чаго чакаеце ад навагодняй ночы?

 — Гаданне. Ці спрабавалі вы калі-небудзь заглянуць у будучае? Якім чынам?

 Вікторыя Дземчанка, студэнтка:

 — Веру ў цуды! І заўжды з нецярпеннем іх чакаю. Хачу, каб гэта навагодняя ноч была казачнай, чароўнай. Каб збыліся запаветныя мары. А яшчэ хочацца, каб на дварэ  ішоў снег. А побач былі самыя дарагія і блізкія мне людзі. Спадзяюся, што гэтая навагодняя ноч будзе самай запамінальнай у маім жыцці.

 — Ніколі не гадала і не буду, бо адношуся да гэтага адмоўна. З дзяцінства прывучылі, што не трэба верыць у забабоны, а тым больш, гадаць. 

 Аляксандра Шухто, школьніца:

 — Думаю, што кожны чалавек не супраць, каб з ім адбываліся цуды. Ад гэтай навагодняй ночы я чакаю чагосьці асаблівага, таемнага. Спадзяюся, што Яна зменіць маё жыццё. Недарэмна ж я чакала яе цэлы год!

 — Мінулы раз гадала. І бот на скрыжаванні дарог кідалі з сяброўкамі, і воск у ваду лілі… Ці буду  гадаць на калядкі — яшчэ не вырашыла. Бо лічу, што ад лёсу нікуды не дзенешся. І тое, што прызначана чалавеку, ніколі і ніхто не зменіць.

 Наталля, эканаміст:

 — Пад бой курантаў заўжды загадваю жаданні. Значыць— і ў цуды веру. Хочацца сустрэць надыходзячы год разам з блізкімі і роднымі. І абавязкова з добрым настроем.

— Гадала звычайна на каляды: абдымала плот, кідала бот на скрыжаванні дарог, капала воск ад свечкі ў ваду. Некаторыя прароцтвы збываліся. Планую заглянуць у будучае і на гэты раз.

 Таццяна, прадавец-кансультант:

 — Не веру. Бо калі чакаеш цуд, ён ніколі не збываецца. Хачу, каб новагодняя ноч была вясёлай, святочнай. Мару атрымаць шмат падарункаў.

 — Пакуль была не замужам, гадала штогод. Звычайна абдымала агороджу, вешала пярсцёнак заручальны на нітку і лічыла, колькі разоў ён стукне аб край шклянкі з вадой. Гэта лічба гаварыла пра тое, у якім узросце выйду замуж. Ці збылося, ужо не памятаю. Цяпер асабістае жыццё наладжанае, таму і гадаць не буду.

Кацярына КАРПОВІЧ.