Католікі адзначаюць Раство Хрыстова!

Хрыстос нарадзіўся! Слаўце яго!

25 снежня, пасля чатырохтыднёвага знаходжання ў пасце і малітве, веруючыя католікі, сабраліся на Святую Літургію ў касцёле, у час якой перажылі вялікую Таямніцу прыйсця Нашага Збаўцы на зямлю.

 Урачыстасць Божага нараджэння з’яўляецца другой па значнасці ў Літургічным годзе Каталіцкага Касцёла. Гэта момант, якім Сын Божы распачаў місію адкуплення чалавечага роду з няволі граху, місію, кульмінацыяй якой з’яўляецца смерць Хрыста-Збаўцы на Крыжы і Ягонае пераможнае Уваскрасенне.

 Умілаваныя ў Хрысце Пану, шчаслівыя тыя, хто годна падрыхтаваўся да спаткання з Божым Немаўляці. Хто,нягледзячы на мітусню штодзённага жыцця, працу, хатнія абавязкі, здолеў адчуць гэты перыяд радаснага стану, хто з  малітваю і пастом чакаў прыйсця свайго Гаспадара і Пана. Але, дарагія мае, са святам Божага Нараджэння не павінна скончыцца наша чуванне. Усё нашае жыццё — гэта час чакання сустрэчы з Ісусам Хрытом. У адрозненні ад урачыстасці Божага Нараджэння, дата нашай асабістай сустрэчы з ім невядомая. Не ведаем ані дня, ані месяца, калі станем перад Ягоным Абліччам. Вялікая мудрасць Божая ў тым. Гэта павінна заахвоціць нас вельмі сур’ёзна ставіцца да ўласнага жыцця. Мы павінны быць заўсёды падрыхтаваныя, для чаго трэба жыць у трывалым саюзе з Богам, памятаць аб малітве і выконваць Божыя запаведзі.

 Дарагія, няхай зорка  Бэтлеема запаліць у вашых сэрцах любоў і радасць. Няхай Хрыстос народзіцца ў нашых сем’ях, несучы ў іх спакой і благаслаўленне. Няхай святло Божае, якое пачне прыбываць у гэтыя святочныя дні, асвяціць таксама нашу родную Бацькаўшчыну — Беларусь, спрыяючы яе духоўнаму, культурнаму і нацыянальнаму адраджэнню.

Шчасця Вам усім, Божа!

Ксёндз Дзмітрый, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы г.Сянно

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *