“Сенненская” песня спрабавалася на “Еўрабачанне”

   Сенненскі хлопец Дзмітрый Зайко (на здымку) прадставіў сваю музычную кампазіцыю на адборачным туры для ўдзелу ў міжнародным тэлевізійным конкурсе “Еўрабачанне-2018”.

     Цікава, што Дзмітрый мае адукацыю гісторыка, раней  настаўнічаў у сенненскай першай школе, да нядаўняга часу працаваў метадыстам у раённым Доме культуры. Яшчэ ў гады вучобы ў Белдзяржуніверсітэце пачаў займацца рэпам. Выступаў у вядомым у музычных колах не толькі нашай краіны рэп-гурце “ТА Лапата” пад творчым псеўданімам Вожык. З’яўляецца адным з самых папулярных рэпераў Беларусі.

     Нумар на адборачны тур “Еўрабачання” Дзіма зрабіў разам з Янай Прусаковай, якая пасля заканчэння музычнага каледжа працавала ў Сенненскай школе мастацтваў, а цяпер працягвае адукацыю ў Магілёўскім філіяле Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Рэп (аўтарскі ўступ Дзмітрыя) у спалучэнні з беларускай народнай песняй, інструментоўку якой зрабіў лепшы сябар Вожыка Дзмітрый Мартынчык, адзін з самых “топавых” электронных ды-джэяў, вядомы як Deech, у тым ліку і за межамі краіны (яго радавыя карані, дарэчы, таксама знаходзяцца ў Сянне), спадабаўся журы. Выступленне даслухалі да канца, пры тым, што большасць выканаўцаў спынялі праз хвіліну-дзве. Хаця на “Еўрабачанне” кампазіцыя не прайшла, сярод іншых прэтэндэнтаў на ўдзел у конкурсе, на думку спецыялістаў, выглядала вельмі годна.

Для сенненцаў цікавасць мае і перадгісторыя стварэння конкурснага нумара. Аднойчы, разбіраючы архіў РДК, Дзмітрый звярнуў увагу на пажоўклы аркуш з рукапісным тэкстам песні “Забі божа”. У гэтай жнівеньскай песні расказвалася пра цяжкае жыццё жанчыны ў замужжы з нялюбым мужам, свёкрам і свякроўю. Увогуле – пра адзіноту, непаразуменне і немагчымасць штосьці змяніць у сваім жыцці: жанчына вярталася з поля і зноў вымушана была выконваць свае сямейныя абавязкі ў пастылай ёй сям’і. У канцы тэкста на паперцы значылася: “Запісана * в.Раманаўка 1997 г. ад Прыстаўкі Надзеі Гаўрылаўны 1921 г/р.” Значыць, песня трапіла на адборачны тур міжнароднага конкурсу “Еўрабачанне” з падачы жыхаркі нашага раёна.

 Таццяна Буракова.