Выбар зроблен!

На Сенненшчыне ўдзел у датэрміновым галасаванні прыняло 34% выбаршчыкаў. Таму на большасці ўчасткаў 19 снежня, у дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, было шматлюдна. Як толькі яны адкрыліся, сюды прыйшлі не толькі выбаршчыкі. На выбарчым участку № 3 пабываў міжнародны наглядальнік ад СНД  Яўген Дзіброў. Яго суправаджала Зоя Фаміна, намеснік  старшыні Сенненскага райвыканкама. Скарыстаўшы момант, яна выканала свой грама­дзян­скі абавязак і прыняла ўдзел у галасаванні. На гэтым жа ўчастку галасаваў старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка.

 Дарэчы, на названых і іншых участках  прысутнічалі  наглядальнікі, якія прадстаўлялі працоўныя калектывы, партыі, грамадскія арганізацыі нашай краіны. Дзейнасць  грамадска актыўных жыхароў Сенненшчыны не абмяжоўвалася толькі нагляданнем. Прадстаўнікі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» наладзілі на выха­дзе з участка для галасавання, які размяшчаўся ў СШ №1, апытанне  — правялі экзіт-пол. На кожным участку выбаршчыкі мелі магчымасць не толькі выказаць сваю прыхі­льнасць таму ці іншаму кандыдату ў Прэзідэнты. Усюды працавалі буфеты, на многіх участках можна было знайсці яшчэ і духоўны пажытак, скажам, пазнаёміцца з работамі мясцовых рамеснікаў, школьнікаў, якія захапляюцца выяўленчым мастацтвам, вывучаюць прыкладное мастацтва. Аматары мастацкай самадзейнасці маглі пабываць на канцэртах.

 Члены выбарчых камісій працавалі зладжана, у адпаведнасці з законам. Людзей, якія па той ці іншай прычыне не трапілі ў спісы выбаршчыкаў, уносілі ў дадатковыя. Асабліва прыветліва сустракалі тых, хто ўпершыню прыйшоў выканаць свой грамадзянскі абавязак. Аляксей Гушча яшчэ летась у  ДАСШ №2 г.Сянно прыходзіў як вучань. У нядзелю ён з’явіўся на ўчастку №3 у якасці выбаршчыка.

 — У Сянно я не жыву, хоць тут і зарэгістраваны. Але на выбары прыехаў, каб аддаць свой голас за кандыдата, які, лічу, дастойны стаць Прэзідэнтам нашай краіны. Прыемна, што такім як я камі­ сія ўдзяляе асаблівую ўвагу. Вось на памяць  падаравалі запісную кніжку — дробязь, але  ўсё роўна прыемна, — выказаўся хлопец.

 Па стану на 14 гадзін на Сенненшчыне ўдзел у выбарах прыняло каля 70% выбаршчы­каў. Гэта азначала, што выбары  ў рэгіёне адбыліся.

Аляксандр Лазюк.

 

На здымках: Аляксея Гушчу (у цэнтры) віншуе старшыня  выбарчай камісіі № 3 Людміла Ані­ськовіч; выбары завяршыліся, члены камісіі выбарчага ўчастка №1 праз хвіліну будуць займацца падлікам бюлетэняў.

 Фота аўтара.