Старшыня Сенненскага райвыканкама звярнуў увагу на адсутнасць у сенненскіх магазінах тавараў паўсядзённага попыту

У Сенненскім райвыканкама новы намеснік старшыні. На чарговай вытворчай нарадзе Васілій Чараднік у новай якасці прадставіў Ігара Мурашкевіча. Яшчэ нядаўна ён узначальваў ДРБУ-146, а з 8 снежня курыруе ў раёне работу жыллёва-камунальнай і будаўнічай сфер.

 Пасля дакладаў, якія зрабілі “сілавікі”, кіраўнік раёна зрабіў шэраг канкрэтных даручэнняў. Адно з іх датычылася кансервацыі сушыльных комплексаў сельгасарганізацый.

 — Засведчыць праведзеную работу трэба актам, каб потым ведаць, з каго спагнаць, калі раптам высветліцца, што прапалі рухавікі, іншае абсталяванне, — абгрунтаваў сваё патрабаванне Васілій Чараднік.

 На заключны этап выйшла работа па ідэнтыфікацыі жывёлы, што ўтрымліваецца на падворках вяскоўцаў. Кожная галава буйной рагатай жывёлы будзе мець свой уласны ідэнтыфікацыйны нумар, змешчаны на бірцы. Найбольшую работу давядзецца правесці ў Какоўчынскім сельсавеце, дзе самая вялікая колькасць прыватнай жывёлы.

 З улікам надвор’я на гэтым тыдні мяркуецца больш інтэнсіўна весці грэйдзіраванне ўнутрыраённых дарог. Дзе неабходна будзе праведзена падсыпка дарожнага палатна жвірам.

 Пры абмеркаванні вытворчых праблем аграпрамысловага комплекса раёна старшыня райвыканкама звярнуў увагу на нізкую эфектыўнасць асемянення грамадскай жывёлы, асабліва цялушак.

 — Самай пільнай увагі патрабуе такі паказчык, як валавая вытворчасць сельгаспрадукцыі. Раён балансуе на мяжы. Да канца года мы можам і павінны выйсці на даведзены паказчык, — запатрабаваў Васілій Чараднік.

 Сур’ёзную заклапочанасць у сенненцаў і раённых уладаў выклікае сфера гандлю. У магазінах, і не толькі райспажыўтаварыства, апошнім часам не хапае нават тавараў паўсядзённага попыту. І гэта ў пераднавагоднія дні. У спецыялістаў раённых службаў тры дні, каб разабрацца і напоўніць прылаўкі неабходным  сенненцам таварам. Падобная сітуацыя здзіўляе. А галоўнае, яна не можа цягнуцца доўга хаця б таму, што ў дзверы раёна ўсё настойлівей стукаецца сецявы гандаль, перш за ўсё “Еўраопт”, зазначыў старшыня райвыканкама.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *