На дарозе другасных тэм не бывае

Бяспека дарожнага руху, абслугоўванне і ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі ў раёне стала тэмай «прамой лініі», што на днях прайшла ў рэдакцыі раённай газеты «Голас Сенненшчыны». На пытанні грамадзян адказвалі начальнік ДАІ Сенненскага РАУС Віктар Валянцінавіч Наваковіч, в.а начальніка РУП «Сенненская ЖКГ» Мікалай Міхайлавіч Жукоўскі, кіраўнікі ДЭУ-38 — Васіль Дзмітрыевіч Зайко і ДРБУ-146 — Дзмітрый Юр’евіч Аленчанка.

Пытанне: У мяне пасведчанне кіроўцы старога ўзору. Ці магу я з ім выехаць за межы Беларусі?

Адказвае В.В.Наваковіч: Не. Дзеля гэтага вам неабходна замяніць старое на пасведчанне новага ўзору ў МРЭА  ДАІ г. Орша. З вашым пасведчаннем вы можаце кіраваць транспартным сродкам выключна ў межах Рэспублікі Беларусь.

Пытанне: Калі пасведчанне кіроўцы згублена, ці трэба зноўку здаваць экзамены ў ДАІ?

 Адказвае В.В.Наваковіч: Каб аднавіць пасведчанне, праходзіць іспыты вам не давядзецца. Дастаткова прадаставіць у МРЭА  ДАІ пасведчанне аб навучанні ў аўташколе, медыцынскую даведку, пашпарт.

Пытанне:  Жадаю змяніць  колер  сваёй машыны. Што для гэтага неабходна зрабіць?

Адказвае В.В.Наваковіч: Пры змене колеру трэба звярнуцца ў МРЭА  ДАІ па месцы ўліку вашага аўто для таго, каб замяніць пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку.

Пытанне: З якога ўзросту можна атрымаць пасведчанне кіроўцы катэгорыі «А»?

Адказвае В.В.Наваковіч: З шаснаццаці гадоў. Для гэтага дастаткова прадаставіць у МРЭА  ДАІ пашпарт, медыцынскую даведку, два каляровыя фотаздымкі. Жадаючаму атрымаць пасведчанне катэгорыі «А» давядзецца здаваць тэарэтычны экзамен па правілах дарожнага руху і практычны экзамен па кіраванні матацыклам. Таксама неабходна будзе правесці аплату за кіроўніцкае пасведчанне. Прыёмны дзень атрымання пасведчання катэгорыі «А»  ў МРЭА  ДАІ г.Орша — чацвер. 

Пытанне:  Калі зробяць тратуары па вуліцах Перамогі г.Сянно і Назаранкі, што ідзеўніз ад «Універсама»?

Адказвае М.М.Жукоўскі: Усё ўпіраецца ў фінансаванне. Пакуль жылкамунгас не мае такіх сродкаў, каб усе дарогі ў горадзе абсталяваць тратуарамі. Хоць, згодны, на акрэсленых напрамках яны  патрэбны. Будзе належнае фінансаванне —будуць і тратуары. 

Пытанне: Ці будзе зроблены які-небудзь рамонт на павароце з вуліцы Чырвонаармейскай на аўтазаправачную станцыю, хаця б ямачны?

 Адказвае М.М.Жукоўскі: Акрэслены ўчастак дарогі ўваходзіць у склад тэрыторыі, уладальнікам якой з’яўляецца Кацярына Васільеўна Аўсеенка. Жанчына, наколькі я ведаю, у свой час выкупіла зямлю і арганізавала там стаянку для цяжкагрузнага транспарту. А такія машыны разбіваюць дарогу. Спадарыні Аўсеенка было накіравана адпаведнае прадпісанне. Па рашэнні райвыканкама да 20 лістапада яна павінна была выканаць ямачны рамонт дарогі, а да 15 снежня і ўвогуле заасфальтаваць гэты ўчастак.

Пытанне: Пры ўездзе ў в.Ледневічы Какоўчынскага сельсавета, на дарозе Янова-Літусава, даводзіцца пераязджаць мост праз рачулку. Ці можна было б для большай бяспекі ўсталяваць на ім поручні?  

 У Какоўчынскім сельскім Савеце праблему пацвердзілі. Агароджа на мосце вельмі патрэбна. Але хто яе будзе ўсталёўваць, невядома, бо невядома, каму належыць гэты мост. Прынамсі, кіраўніцтва ДРБУ-146 сцвярджае, што гэта аб’ект УП «Сенненскае ПМС». Меліяратары, у сваю чаргу, спасылаюцца на дарожнікаў. Устанавіць ісціну, а дакладней, гаспадара, у вытворчых спрэчках нам не ўдалося. Але ў свой час хтосьці і навошта ж гэты мост будаваў? Хочацца спадзявацца, што ўладальнік «нічыйнага» моста ўсё ж такі аб’явіцца. І поручні, калі яны там патрэбны, будуць усталяваны. На бяспецы людзей, лічу, эканоміць нельга.        

  А вось наступнае пытанне старэйшыны вёскі Ледневічы Ларысы Мікалаеўны Бяляк адрасуецца мясцовай, сельсавецкай, уладзе.

 Пытанне: Вельмі непакоіць вяскоўцаў вялізнае дрэва, што расце ля падворка аднаго з жыхароў, а менавіта Мікалая Іванавіча Кірыкава. Старая бяроза, на іх думку, стварае пэўную небяспеку для электрычных правадоў, ды і, барані Бог, на дарогу можа ўпасці. А раптам хто ехаць ці ісці па ёй у гэты ж самы момант будзе?       

 Адказвае У.І.Мурашка, старшыня Какоўчынскага сельсавета: Так, згаданае дрэва сапраўды прызнана аварыйным. Мы пісьмова ставілі ў вядомасць райаддзел па надзвычайных сітуацыях, раённыя электрасеткі. На сёння бяроза спілавана. Акрамя таго, у Ледневічах ліквідавана яшчэ адно аварыйнае дрэва.

На «прамой лініі»

дзяжурыла

Вольга Бандарэвіч.