В школах Сенненского района прозвенел первый звонок (+фоторепортаж)

На школьнай лінейцы, прысвечанай пачатку новага навучальнага года, у СШ №1 г. Сянно было незвычайна шматлюдна. Школа папоўнілася не толькі першакласнікамі. Сёлета яе парог упершыню пераступілі 117 школьнікаў з рэарганізаваных сельскіх школ. Усяго за парты навучальнай установы селі 531 школьнік.

 — Мы рыхтаваліся да сустрэчы папаўнення. Зрабілі ўсё магчымае, каб новыя вучні з першых дзён адчувалі сябе ў класах навучальнай установы камфортна, — расказала напярэдадні лінейкі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Марціновіч. – У школе будзе працаваць некалькі груп падоўжанага дня. Наведваць іх можна будзе і раніцай да заняткаў, і вечарам пасля завяршэння вучобы.

А вось урачыстая лінейка, прысвечаная новаму навучальнаму году прайшла па традыцыйных канонах. Яе адкрыў дырэктар школы Аляксандр Ладыжын, які  павіншаваў вучняў, бацькоў, калег, гасцей са святам – Днём ведаў, уручыў першакласнікам іх першую кнігу “Беларусь – наша Радзіма”.

 Шчырыя словы ў сувязі з пачаткам заняткаў гучалі і з вуснаў гасцей. Многія з іх прыйшлі з падарункамі. У прыватнасці, за дапамогу ў правядзенні сельскагаспадарчых работ адзначана праца многіх старшакласнікаў, якія летам працавалі ў ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс”. Падарункі ўручыў Мікалай Курс, намеснік дырэктара.

 Даведка “ГС”.

 У мінулым навучальным годзе 63% выпускнікоў СШ №1 г. Сянно паступілі ў ВНУ, 27 – у сярэднія спецыяльныя ўстановы, 7 – у прафесіянальна-тэхнічныя.

 

Ад імя райвыканкама да прысутных на школьнай лінейцы звярнулася Святлана Кляпцова, загадчыца метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Яна падкрэсліла: “У школе створаны ўсе ўмовы для арганізацыі якаснага навучання. 78% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Па выніках конкурсу “Настаўнік года – 2017” тры педагогі школы сталі пераможцамі раённага конкурсу ў сваіх намінацыях. Тамара Барышкава, настаўнік матэматыкі, стала фіналістам абласнога этапу конкурсу.

У нашай краіне 1 верасня – гэта дзяржаўнае свята. Не толькі на лінейку, але і на першыя школьныя ўрокі прыходзяць шматлікія госці. Ваенны камісар раёна Дзмітрый Ермакоў сёлета правёў у СШ №1 урок мужнасці. Для сустрэчы ён выбраў выпускны клас. Былі госці і ў іншых класах. Кожны з педагогаў-аматараў вёў размову па сваёй тэме. Але ўсе яны азначалі слаўныя традыцыі нашай краіны імкненне дзяржавы зрабіць усё магчымае, каб маладое пакаленне атрымала неабходныя веды, працавала на карысць Рэспублікі Беларусь. У новай якасці парог школы пераступілі Аляксандр Бараноўскі (ён скончыў магістратуру ВДУ імя Машэрава па спецыяльнасці “Айчынная гісторыя”, Андрэй Зацюпа – настаўнік беларускай мовы, Таццяна Гарнак – сацыяльны педагог.

 

Даведка “ГС”

 Працоўцы шлях у школах раёна пачалі 17 педагогаў, 15 з іх – ураджэнцы Сенненшчыны, 14 вучыліся па мэтавых накіраваннях аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

 

Школьныя лінейкі ў сувязі з пачаткам навучальнага года прайшлі ва ўсіх 12 установах адукацыі раёна. За парты селі 2263 вучні.

 Ходцаўская дзіцячы сад-сярэдняя школа новы навучальны год сустрэла таксама з папаўненнем. Яна стала гасцінным домам для 26 вучняў былой Машчонскай школы. 13 дзяцей сталі выхаванцамі дзіцячага садка. Яны будуць падвозіцца на заняткі на новым аўтобусе. Істотна абнавіўся знешні і ўнутраны выгляд будынка. Ва ўсіх класах зроблены касметычны рамонт, у шэрагу кабінетаў заменены аконныя блокі, палепшана асвятленне, у цэхі харчблока пададзена гарачая вада, цалкам пераабсталяваны кабінеты інфарматыкі і фізікі. Для гэтага з раённага бюджэту былі выдаткаваны немалыя сродкі. Фінансавую падтрымку ў падрыхтоўцы школы на новага навучальнага года аказалі шэфы – ААТ “Белая Ліпа” і СУП “Саўгас імя Машэрава”. Агульнымі намаганнямі зроблена ўсё, каб якасць навучання была на ўзроўні сучасных патрабаванняў, а ўмовы камфортнымі і спрыяльнымі для атрымання ведаў.

 

 

 Вольга БАНДАРЭВІЧ, Аляксандр ЛАЗЮК.

Фота аўтараў.