За траўму адкажа кіраўнік

  Ахова працы на вытворчасці з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзейнасці органаў улады. Адказнасць за яе захаванне нясуць непасрэдна кіраўнікі прадпрыемстваў. Любы выпадак траўматызму абавязкова становіцца падставай для пасяджэння раённай камісіі па ахове працы, работай якой кіруе намеснік старшыні райвыканкама Ганна Якаўлева. Апошні раз члены камісіі збіраліся разам, каб абмеркаваць стан вытворчага траўматызму ў СВК “Студзёнка” і ДЛГУ “Багушэўскі лясгас”. Былі заслуханы тлумачэнні Пятра Сазановіча, кіраўніка сельгаскааператыва, Таццяны Хайрулінай, адказнай у сельгаскааператыве за ахову працы, Сяргея Сухадолава, выконваючага абавязкі дырэктара лясгаса.

Адмовілася праходзіць

праверку ведаў

 У СВК “Студзёнка” бяда здарылася на ферме”Валодзькі”. У час жніва для арганізацыі харчавання людзей, занятых у полі, на таках, было вырашана правесці забой адной галавы буйной рагатай жывёлы. Арганізаваць яго даручылі жанчыне-пенсіянерцы, якая выконвала абавязкі галоўнага заатэхніка сельгаскааператыва. Разам з двума жывёлаводамі яна прыехала на ферму, выбрала быка на забой. Мужчыны сталі выводзіць яго з памяшкання. Але не ўтрымалі. Жывёліна кінулася да выхаду. Па дарозе вяроўка, на якой вялі быка, зачапілася за нагу спецыяліста. У выніку падзення жанчына атрымала пералом касцей верхняй часткі нагі.

 У заключэнні, якое было зроблена на падставе праверкі, праведзенай спецыялістамі Лепельскай міжраённай інспекцыі працы, указана, што выяўленыя парушэнні не знаходзяцца ў прамой прычыннай сувязі са здарэннем на вытворчасці. Тым не менш, варта заўважыць, што пры прыёме на працу пацярпеўшая адмовілася праходзіць праверку ведаў у камісіі па ахове працы райсельгасхарчу. Маўляў, я – часовы работнік, пенсіянерка. Хто ведае, калі б давялося рыхтавацца да праверкі ведаў, магчыма, нешта адклалася б у галаве, і дзеянні на ферме былі б іншымі.

 Не абышлося без фінансавых выдаткаў. СВК “Сту­дзён­ка” па выніках праведзенай праверкі давялося выплаціць штраф у суме 1 млн 50 тыс. рублёў.

Свабодны доступ

закрыты

 Такі ж штраф накладзены міжраённай інспекцыяй на ДЛГУ “Багушэўскі лясгас”. Адміністрацыйнае пакаранне панёс інжынер-электрык лясгаса Мікалай Лауткін. Ён аштрафаваны на 700 тысяч рублёў, як асоба, адказная за эксплуатацыю электраабсталявання.

 … Цэх, абсталяваны сталярнымі станкамі для апрацоўкі драўніны, існуе на прадпрыемстве не першы год. А вось сталяроў, ці хаця б работнікаў іншай спецыяльнасці, абучаных для работы на станках, маючых дазвол на іх эксплуатацыю, не было. Больш таго, доступ да небяспечнага абсталявання быў свабодны. У выніку станкамі карысталіся ўсе, хто меў у гэтым патрэбу.

 Малады цясляр, які атрымаў вытворчае заданне, вырашыў рабочы інструмент вырабіць на фугавальным станку. Звыкла ўключыў яго, звыкла паклаў на станіну загатоўку. Яна аказалася караткаватай. Хлопец паспрабаваў падаць рукой і… застаўся без двух пальцаў правай рукі.

 Зараз у лясгасе станкі не эксплуатуюцца. Яны адключаны ад электрасілкавання, закрыты свабодны доступ у цэх. Так будзе да таго часу, пакуль нехта з работнікаў не пройдзе спецыяльную падрыхтоўку, не будзе прызначаны адказным за бяспечную эксплуатацыю дрэваапрацоўчага абсталявання.

 Падводзячы вынікі работы камісіі, яе старшыня падкрэсліла:

 — Колькасць надзвычайных здарэнняў на вытворчых прадпрыемствах раёна скарачаецца з году ў год. Тым не менш, праверкі, якія праводзяцца адпаведнымі службамі, сведчаць, што парушэнняў правілаў аховы працы яшчэ хапае. А таму пункт рашэння, прынятага сёння, дзе работа праўлення СВК “Студзёнка”  па забеспячэнні бяспечных умоў працы прызнана не ў поўнай меры адпавядаючай прад’яўляемым патрабаванням, а адміністрацыі ДЛГУ “Багушэўскі лясгас” – недастатковай, з’яўляецца аб’ектыўнай ацэнкай стану спраў.

 Віктар ДЗЕРГАЧОЎ,

галоўны спецыяліст упраўлення

па працы, занятасці і

сацыяльнай абароне

райвыканкама.

 Аляксандр ЛАЗЮК,

супрацоўнік рэдакцыі райгазеты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *