В Сенненском районе проводится вакцинация населения

Разам з восенню да нас прыйшоў і сезон прастуд. Лістапад-снежань, люты-сакавік – самы спрыяльны час для захворвання на ВРВІ і грып. У мінулы асенне-зімова-вясновы сезон пагроза эпідэміі грыпу абмінула наш раён. Не дапусціць росту захваральнасці і ў гэтым сезоне заклікана кампанія па вакцынацыі насельніцтва супраць грыпу, якая днямі стартавала на Сенненшчыне.

Па інфармацыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, сёлета плануецца прышчапіць больш за 8800 чалавек, гэта складае прыкладна 41% ад усяго насельніцтва раёна.  

За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту вакцыну атрымаюць 2383 чалавекі, якія адносяцца да высокай групы рызыкі: дзеці з 6 месяцаў да 3 гадоў, дарослыя і дзеці з хранічнымі захворваннямі, людзі старэйшыя за 60 гадоў, медыцынскія работнікі, цяжарныя і г. д. Больш за 4740 чалавек прышчэпяць за кошт мясцовага бюджэту: выхаванцы дзіцячых садкоў, школьнікі, работнікі адукацыі, гандлю, грамадскага харчавання і іншыя. Яшчэ 1728 доз вакцыны набыты на сродкі прадпрыемстваў.

Як расказала памочнік урача-эпідэміёлага УЗ “Сенненскі РЦГЭ” Жанна Гаравая, у гэтым годзе для прышчэпак супраць грыпу выкарыстоўваецца прэпарат «Грыпол» айчыннай вытворчасці. З ліку медработнікаў сфарміраваны восем брыгад, якія будуць выязджаць на прадпрыемствы і ва ўстановы раёна, сельсаветы для правядзення вакцынацыі.

Каб прышчапіцца за ўласныя сродкі, трэба звярнуцца ў лячэбныя ўстановы.

На сённяшні дзень не існуе больш эфектыўнага спосабу засцерагчыся ад грыпу, чым прышчэпка, а зрабіць яе, медыкі раяць, лепш да лістапада, каб паспеў сфарміравацца імунітэт, які забяспечыць абарону арганізма ад захворвання на працягу 6-12 месяцаў.

 Дарэчы, у мінулы асенне-зімовы перыяд пагроза эпідэміі грыпу абмінула наш раён, у тым ліку і дзякуючы своечасова праведзенай вакцынацыі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.