Семидесятилетний житель Сенно завоевал 4 золотые медали на летнем чемпионате Республики Беларусь по лёгкой атлетике среди ветеранов

Жыхар Сянна Мікалай Сініцын вярнуўся з летняга чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў з чатырма залатымі медалямі. Ён перамог у сваёй узроставай групе ў бегу на 100 м, скачках у вышыню і даўжыню, у штурханні ядра.

 — Вопыт выступленняў у падобных спаборніцтвах у мяне ўжо ёсць. Зімой я выступаў на такой жа спартакіядзе. Праўда, там вынік быў больш сціплым, — расказвае Мікалай Сініцын.

 Мікалай Сініцын са спортам, з фізкультурай сябруе ўсё жыццё. Ён настаўнік фізічнай культуры. Некалі выкладаў у Машчонскай СШ, актыўна прапагандаваў здаровы лад жыцця, масавы спорт. Ды і сам Мікалай Дзмітрыевіч быў пастаянным удзельнікам спартыўных спаборніцтваў. У маладыя гады, калі жыў у Ціксі, што ў Якуціі, займаўся турызмам, стаў майстрам спорту.

 У свае 70 гадоў ён захаваў прыхільнасць да спорту. Пастаяннае падтрыманне цела ў належнай фізічнай форме суправаджаецца ўдзелам у розных спаборніцтвах, да якіх заўжды з адказнасцю рыхтуецца.

 — Удзел у спартыўных стартах – не самамэта. Але, не хаваю, хочацца на фоне іншых праверыць свае фізічныя кандыцыі. У спаборніцтвах ветэранаў прыцягвае яшчэ і магчымасць кантактаў з людзьмі, блізкімі па духу, жыццёвых поглядах, — разважае Мікалай Сініцын.

 За гэта ён і палюбіў ветэранскія турніры, што праводзяцца ў адкрытым фармаце. На сёлетніх спаборніцтвах у Гродна выступалі спартсмены не толькі з Беларусі. Было шмат ветэранаў з Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы.

 Мікалай Сініцын заахвочвае да спорту сяброў, знаёмых, сваіх родзічаў. У рэдакцыю ён завітаў разам з унукам, які атрымаў ад дзядулі заданне – пераадолець дыстанцыю ад дома да рэдакцыі і назад на час.

 — І справіўся з ім, — усміхаецца чатырохразовы чэмпіён.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.