Беражонага і Бог беражэ

Незвычайна спякотнае лета, калі людзі шукалі паратунак на вадаёмах, прывяло да вялікіх чалавечых ахвяр. Зводкі таварыстваў  выратавання на вадзе і сродкі масавай інфармацыі рэспублікі практычна кожны тыдзень стракацілі фактамі аб тым, што самаўпэўнены плывец, перааца­ніўшы свае сілы, не дасягнуў берага і пайшоў на дно. Ахвярай вады стала дзіця, якое без нагляду старэйшых бавіла час у вадзе. Свавольства дзяцей на самаробным плыце прывяло да трагедыі. І яшчэ многія і многія дзесяткі іншых абставін , што пазбавілі жыцця аматараў водных працэдур называліся ў газетных публікацыях. Прычым большасць тапельцаў як мужчынскага, так і жаночага полу знаходзілі­ся ў стане алкагольнага ап’янення. Мабыць, вы назавяце  некаторыя канкрэтныя лічбы, Уладзімір Пятровіч?

 — Ведаеце, тапельцаў гэтым летам у рэспубліцы было настолькі многа, што не хочацца палохаць законапаслухмяных і асцярожных у любой сітуацыі грамадзян. Толькі хочацца падкрэсліць: няшчасныя выпадкі з дзецьмі і дарослымі на вадзе здараюцца не толькі летам, у купальны сезон, але і ў час ледаставу. З нецярпеннем чакалі пачатку зімовага сезону аматары падлёднага лову, асабліва дзеці. Ім не церпіцца пракаціцца з ветрыкам па люстэркавай гладзі на каньках, на нагах, забіць першую шайбу ўімправізаваныя вароты на натуральным хакейным полі.

 — Зіма неяк нечакана ўступіла ў свае правы. Маразы зашкальваюць. І што, усё роўна нельга?

  — У пачатковы перыяд зімы лёд даволі нетрывалы. Нават пры даволі нізкіх тэмпературах сярэдзіна возера Сен­не­нскае яшчэ «гуляе» або схапілася тонкай коркай. Патрэбен некаторы час. Каб папярэдзіць няшчасныя выпадкі, дарослым і дзецям можна выходзіць на лёд пры таўшчыні яго 10-12 сантыметраў. Групавыя і масавыя забавы рэкамендуюцца пры таўшчыні лёдавага пакрыцця ў 25 і больш сантыметраў. Таму перш чым ступіць на лёд, трэба пераканацца ў яго трываласці. Зрабіць гэта можна драўляным калом і ні ў якім разе не стукам падэшвы нагі. Па лёдзе лепш рухацца адзін ад аднаго на адлегласці не менш за  5-6 метраў.

 У час падлёднай лоўлі рыбы не рэкамендуецца бурыць шмат лунак на блізкай адлегласці, збірацца вялікімі групамі. І ў любым выпадку пры сабе варта мець прасцейшыя сродкі выратавання: дошкі, лесвіцы, вяроўкі, выратавальныя жылеты і пры гэтым памятаць: беражонага і Бог беражэ.

 

 Са старшынёй раённага таварыства выратавання на вадзе Уладзімірам Станкевічам гутарыў

Міхаіл БЯЛОЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *