Делегация Сенненского района вновь побывала в Починке

Працягваюцца кантакты з расіянамі Смаленшчыны. Дэлегацыя Сенненскага раёна зноў пабывала ў Пачынку. На гэты раз для ўдзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных дзяржаўнаму святу – Дню Расіі.

 Адпаведным быў склад дэлегацыі. У яе ўвайшлі калектывы мастацкай самадзейнасці ВІА “Судьба”, “Вясёлыя музыкі”, некаторыя сольныя выканаўцы. Яны прынялі ўдзел у святочным канцэрце. Сенненцы прадставілі на суд пачынкаўцаў не толькі свае творчыя дасягненні, духоўны хлеб. Райспажыўтаварыства, а дакладней яго хлебакамбінат, наладзіў дэгустацыю сваёй прадукцыі, арганізаваў продаж.

 — Сенненскія хлебабулачныя вырабы ў Пачынку разышліся за паўгадзіны, атрымалі добрыя водгукі. Распрадалі хлеб і праз тыдзень, калі завезлі на продаж каля 300 кілаграмаў прадукцыі. За ёй прыйшлі тыя, хто паспрабаваў на дэгустацыі, іх суседзі, знаёмыя, — расказаў Сяргей Галынчык, намеснік старшыні райвыканкама, які таксама ў складзе сенненскай дэлегацыі прымаў удзел у святкаванні Дня Расіі ў Пачынку. На яго думку, эканамічныя стасункі з расіянамі развіваюцца, хоць ёсць і праблемы. Магчыма, стаўку трэба рабіць на мясцовых прадпрымальнікаў, якія б прадавалі сенненскую прадукцыю, на больш значныя аб’емы рэалізацыі, якія б пакрывалі затраты на дастаўку.

 Наладжваюцца кантакты ў сферы культуры. Пасля паездкі ў Пачынак сенненскіх творчых калектываў чакаецца, што на Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь з візітам у адказ  у Сянне пабываюць расійскія самадзейныя калектывы, прадстаўнікі ўлады.

 — Па сцэнарыі святкаванне галоўнага свята расійскай дзяржаўнасці блізкае да нашага. А вось у афармленні падворкаў, сельскіх пасяленняў, у выкарыстанні дзяржаўных сімвалаў можна многаму павучыцца ў нашых суседзяў, — лічыць Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама.

 Сенненская дэлегацыя прымала ўдзел і ў афіцыйнай частцы святкавання ў Пачынку. Віншаванні з нагоды Дня Расіі ад жыхароў раёна, раённай улады перадаў Міхаіл Вілюга, старшыня райсавета дэпутатаў, які ўзначальваў дэлегацыю сенненцаў.

Аляксандр ЛАЗЮК.