Тайник с наркотиками нашли в Сенно

Пік злачынстваў і правапарушэнняў, што ўчыняюцца падлеткамі, прыходзяцца на лета, якое толькі пачалося. Што турбуе міліцыянераў? Якая прафілактычная работа праводзіцца сярод непаўналетніх, дарослых у гэты перыяд? Пра гэта і не толькі расказвае Сяргей САВІК, намеснік начальніка Сенненскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі.

-Работа па недапушчэнні супрацьпраўных дзеянняў праводзіцца супрацоўнікамі аддзела пастаянна – гэта адзін з нашых асноўных накірункаў дзейнасці. Радуе, што ўдаецца трымаць сітуацыю пад кантролем. На мой погляд, значны эфект даюць сустрэчы, выступленні супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх, участковых у працоўных калектывах, на бацькоўскіх сходах, у школах.

-Пра што канкрэтна расказваюць міліцыянеры падчас такіх сустрэч?

-Любая інфармацыя аб стане злачыннасці сярод падлеткаў актуальная для бацькоў. Але, найчасцей, тлумачым заканадаўства, інфармуем аб зменах у ім, нагадваем аб адказнасці непаўналетніх, бацькоў, усіх дарослых за тыя ці іншыя правапарушэнні. У прыватнасці, асаблівую ўвагу звяртаем на арт.17.13 КаАП, які мае на ўвазе, што непаўналетнім ва ўзросце да 16 гадоў забараняецца знаходзіцца ў перыяд з 23.00 да 6.00 у грамадскіх месцах без суправаджэння, падкрэслім, бацькоў, апекуноў, іншых законных прадстаўнікоў дзяцей. За парушэнне артыкула прадугледжаны штраф у памеры да 2-ух базавых велічынь.

Зараз рэгулярна бываем у прышкольных лагерах адпачынку, іншых месцах, дзе знаходзяцца непаўналетнія, гутарым з імі.

-Наркотыкі, так званыя курыльныя сумесі, спайсы імкліва распаўсюджваюцца ў моладзевым асяроддзі. Як адбілася гэта на нашым рэгіёне?

-Нядаўна ў райцэнтры выяўлены тайнік, дзе невядомыя захоўвалі марыхуану. Сенненскім РАСК па названым факце узбуджана крымінальная справа.  Пакуль што выйсці на тых, хто рыхтаваўся да распаўсюджвання наркатычных рэчываў не ўдалося, што вельмі трывожыць, бо закладкі могуць з’явіцца ў іншых месцах. Усіх нас, бацькоў падлеткаў у першую чаргу, павінны насцярожыць  спробы наркадылераў ператварыць Сенненшчыну ў рэгіён збыту наркатычных рэчываў. Зафіксаваны іншыя факты, якія пацвярджаюць — толькі ў маі 2017 года ў Віцебскай вобласці ў адносіне да непаўналетніх узбуджана дзве крымінальныя справы на падставе арт.328 (незаконны абарот наркатычных рэчываў) КК Рэспублікі Беларусь. У абодвух выпадках у падлеткаў канфіскаваны асоба небяспечныя псіхатропныя рэчывы.

-Што ў такой сітуацыі трэба рабіць дарослым? Як весці сябе бацькам, калі з’явіліся падазрэнні, што сын ці дачка ўжывае небяспечныя рэчывы?

-Кола зносін летам у падлеткаў пашыраецца. З’яўляюцца сябры з ліку прыезджых, вяртаюцца пасля вучобы студэнты, якія за перыяд адсутнасці набылі новыя кантакты, магчыма, не з самымі законапаслухмянымі асобамі. Таму бацькам трэба быць уважлівымі. Насцярожыць павінна позняе вяртанне, спробы пазбягаць кантактаў, калі з’явіліся нейкія змены ў настроі і псіхіцы. Паспрабуйце ўстанавіць даверлівыя зносіны. Калі падазрэнні пацвердзіліся ці кантакты наладзіць не ўдаецца, трэба звяртацца за кансультацыяй, дапамогай да спецыялістаў. Не абавязкова людзей ў форме. Важна зразумець, што дапамагчы падлеткам, якія трапілі ў бяду, прасцей на пачатковай стадыі.

Гутарыў Аляксандр ІЎЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *