УЗНАГАРОДА ЗА ПРАЦУ

1+++За плячыма Анатоля Луцэйковіча без малога 30 гадоў вадзіцельскага стажу, 20 з якіх ён аддаў філіялу «Сенненскае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №146» КУП «Віцебскаблдарбуд».

— Гэта сапраўдны прафесіянал сваёй справы, усё даводзіць да ідэальнага стану, нават у машыне ў яго заўсёды чысціня і парадак, — кажа пра свайго падначаленага Васіль Ступаневіч, начальнік філіяла.
Родам Анатоль Мяфодзьевіч з вёскі Нярэйша. Адразу пасля школы скончыў курсы ДАСААФ. Воінскую службу наш зямляк праходзіў у Афганістане, дзе з 1987-га па самы 1989 год выконваў інтэрнацыянальны абавязак. Пасля вяртання на малую радзіму камандзір аўтамабільнага аддзялення Анатоль Луцэйковіч працаўладкаваўся вадзіцелем у АТП №20, якому аддаў 7 гадоў. Апошнія два дзесяцігоддзі ён працуе ў дарожна-рамонтнай арганізацыі. Займаўся веласпортам, біятлонам.
Анатоль Мяфодзьевіч — гаспадар з залатымі рукамі, у якога добра ладзіцца як на рабоце, так і дома. А яшчэ ён бацька дваіх цудоўных дзяцей. Сын Сяргей служыў у спецназе, застаўся працаваць у Мінску. Дачка Кацярына вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным індустрыяльна-будаўнічым каледжы, будучы тэхнік-будаўнік. А жонка Анатоля Мяфодзьевіча Святлана Пятроўна таксама працуе ў ДРСУ №146 і, па словах Васіля Ступаневіча, такі ж выдатны работнік, на якога заўсёды можна паспадзявацца.
У 2015 годзе партрэт Анатоля Луцэйковіча змешчаны на раённай Дошцы гонару.
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.