Неограниченные талантом. Воспитанники Богушевского дома-интерната завоевали Гран-при фестиваля «Мечты сбываются»

     Выхаванцы Багушэўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця заваявалі Гран-пры на Міжнародным фестывалі “Мары здзяйсняюцца”, які праходзіў у пачатку чэрвеня ў абласным цэнтры.

 На сцэну Летняга амфітэатра па чарзе выходзілі дзеці з дзесяці дамоў-інтэрнатаў нашай краіны і каманда з Адэсы. Перад удзельнікамі мерапрыемства была пастаўлена задача: перанесціся ў будучыню на сто гадоў уперад, а свае мары агучыць з дапамогай танцаў, песняў, мініяцюр, вершаў.

Багушэўская каманда падрыхтавала спектакль-мюзікл пад назвай “Час #жыць”. Восем удзельнікаў рознага ўзросту стварылі на сцэне ўяўны гадзіннік, стрэлкі якога пераносілі гледачоў у падзеі рознага часу. Выступленне суправаджалася чытаннем вершаў, загадзя падрыхтаваным відэа і выклікала шквал апладысментаў. Нумар, створаны пад кіраўніцтвам выхавальнікаў установы Ірыны Міронавай і Аляксандра Караля, быў высока адзначаны журы, якое ўзначальвала тэлевядучая Святлана Бароўская. Узнагародай для дзяцей стаў сертыфікат на паездку ў Швецыю, дзе яны будуць прадстаўляць нашу краіну на Міжнародным конкурсе. Дарэчы, гэта далёка не першы ўдзел у конкурсах такога маштабу, багушэўцы ўжо трыжды прадстаўлялі нашу краіну на Міжнародным фестывалі “Кракаўскія сустрэчы”. Адзін раз заваявалі Гран-пры і заўжды вярталіся дадому з прызам глядацкіх сімпатый.

На сцэну Летняга амфітэатра ў той дзень завіталі вядомыя медыйныя персоны Аляксандр Саладуха, Дзмітрый Калдун, Аляксандр Палціс і інш. А адкрываўся гала-канцэрт флэшмобам выхаванцаў Багушэўскага дома-інтэрната з АПФР ў па-за конкурснай праграме міжнароднага фестывалю.

Трэба адзначыць, што мерапрыемства праводзілася ў Беларусі ўжо ў дзясяты раз, але ўпершыню – у Віцебску. Нязменным яго ініцыятарам выступае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Свет без меж” пры падтрымцы Міністэрства працы, а ў гэтым годзе да яго далучыўся і Віцебскі аблвыканкам.

Ганна КОРСАКАВА.

Фота Святланы Васільевай.

На здымку: моманты ўзнагароджання багушэўцаў.