Вада — сенненская, а рыбка — лёзненская.

За апошнія пяць гадоў вытворчасць рыбы ў Беларусі вырасла амаль у чатыры разы.  У 2009 годзе аб’ём таварнай прадукцыі дасягнуў 14,8 тыс. тон. А найбольш рыбы  у штучных і натуральных вадаёмах нашай краіны вылоўлівалі ў 1986 годзе — 20,6 тыс. тон.

  Свой уклад у гэтае дасягненне ўносіў калектыў багушэўскага рыбагадавальніка. Асноўнай вытворчасцю мясцовых рыбаводаў той пары з’яўлялася вырошчванне малька карася, карпа, шчупака для зарыблення  імі вадаёмаў, на якіх  таварную рыбу здабывалі рыбалавецкія брыгады Віцебскага рыбгаса.  Між іншым, у нагульных вадаёмах  гадавальніка таксама расла рыба — у год з сажалак  здабывалі да 60 тон  карпа і белага карася.

 Вытворчасць таварнай рыбы, хоць і не ў такім аб’ёме, наладжана і цяпер. У нашы дні на вадаёмах былога рыбгаса  гаспадараць меліяратары Лёзненскага ПМС. З пачатку года ў гандлёвыя сеткі Сянно, Лёзна, Віцебска яны паставілі больш за 30 тон карася, карпа, таўсталобіка, амура. Акрамя гэтага вядзецца вырошчванне фарэлі.

 Згодна з праектнай магутнасцю на спецыяльна абсталяваных плошчах у год можна атрымліваць да 70 тон каштоўнай рыбы. Кожная асобіна мае шанц дасягнуць на камбікармах фінскай вытворчасці вагі аднаго кілаграма.

 Зарыбленне, якое  ўпершыню адбылося сёлетняй вясной, пацвердзіла рэальнасць планаў. Ужо ў канцы лета кантрольныя экземпляры важылі 450-500 грамаў.

 — Канчатковы вынік сваёй працы мы не ўбачым. Перад пачаткам ледаставу фарэль будзе вылаўлена і перавезена для дарошчвання на вадаёмах Лукомльскага рыбгаса, — са шкадаваннем расказвае Мікалай Селязнёў. — Але гэту прыкрасць можна перажыць, каб не было большай — у першыя дні пасля размяшчэння малька ў нашым вадаёме назіраўся значны, больш 20 %, адход.

 Мікалай Васільевіч на час нашай сустрэчы працаваў механікам прадпрыемства меліярацыйных сістэм. А яшчэ нядаўна быў яго дырэктарам, аддаў рэалізацыі першага на Беларусі  падобнага інвестыцыйнага праекта шмат сіл, часу і, не хавае, частку сваёй душы. У канцы лета, калі мы наведаліся на рыбагадавальнік разам з Эдуардам Зелентавым, начальнікам  сенненскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, на Селязнёва была ўскладзена адказнасць за работу вытворчага падраздзялення.

 — Мы працуем і папярэдне ўжо ўстанавілі прычыну, па якой адбываецца невытворчае выбыццё рыбы. Згодна з заключэннем лабараторыі хвароб рыб рэспубліканскага даччынага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут рыбнай гаспадаркі» навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай Акадэміі Беларусі па жывелагадоўлі,  у вадзе, дзе вядзецца дарошчванне моладзі фарэлі, мае месца перавышэнне паказчыкаў па нітрытах, манганатнай акісляльнасці, аманійнаму азоту — гэта значыць, мае месца неспрыяльнае асяроддзе.  Акрамя таго, пры даследаванні рыбы выяўлены шкодныя бактэрыі і стафілакокі. Крыніцай заражэння фарэлі, як мяркуюць вучоныя,  з’яўляюцца абарыгенныя рыбы, якія прысутнічаюць у рацэ Серакаратнянка, водамі якой жывіцца штучны вадаём, — тлумачыць Мікалай Селязнёў.

 Вучоныя  рэкамендавалі правесці кармленне рыбы адпаведнымі прэпаратамі і наладзіць пастаянны кантроль за станам воднага асяроддзя,  кармоў, якія  выкарыстоўваюцца для вырошчвання фарэлі.  Для гэтага меліяратарам давядзецца абсталяваць лабараторыю дадатковымі прыборамі і рэактывамі, правесці  перападрыхтоўку ўрача-іхтыёлага. Заканамерны вынік  для вытворцы, які спрабуе  зэканоміць сродкі пры рэалізацыі праекта. У нашым выпадку было патрачана толькі 2 млрд рублёў пры  поўным кошце праекта 7 млрд. Але самае галоўнае, што меры, прапанаваныя  вучонымі інстытута, не ліквідуюць першапрычыны праблемы. Яны — у вадзе. Ачысткі патрабуе і вада з ракі, якой жывіцца сажалка, і вада з артэзіянскай свідравіны (у ёй павышанае ўтрыманне жалеза).

 У меліяратараў-рыбаводаў ёсць і іншыя праблемы, якія да вытворчага працэсу  маюць толькі ўскоснае дачыненне.  Аднак сказаць пра іх трэба. Рыбная гаспадарка лёзненскага ПМС знаходзіцца на тэрыторыі Сенненскага раёна. Раздвоенасць прыналежнасці вымушае з часткай неабходных дакументаў звяртацца ў Лёзна, з часткай — у Сянно, што, зразумела, не зусім зручна…

А тым часам кіраўніцтва Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўжо заявіла пра намер у 2011 годзе пачаць рэалізацыю падобных праектаў у іншых рэгіёнах Беларусі, у прыватнасці, у  Горацкім раёне. А можа, не трэба спяшацца? Можа, лепш давесці да лагічнага завяршэння той праект, што распачаты на Сенненшчыне?

Аляксандр Лазюк.

 На здымках: Мікалай Селязнёў і Эдуард Зелентаў — ім было пра што пагаварыць; менавіта за гэтым камбікормам рыбаводы Лёзненскага ПМС ездзяць у Фінляндыю;

агульны выгляд комплексу вадаёмаў, дзе вырошчваюць фарэль.