Прокуратура района выявила факты загрязнения рек и озёр Сенненщины
Пракуратура раёна сумесна са спецыялістамі Віцебскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету праверыла, як прадпрыемствы АПК выконваюць патрабаванні заканадаўства аб рэжыме гаспадарчай дзейнасці ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах.
Парушэнні выяўлены на аб’ектах ААТ «Студзёнка», «Сенненскі райаграсэрвіс», «Ульянавічы», УП «Дружбінец». Найбольш распаўсюджанымі з іх — адсутнасць воданепранікальных гноесховішчаў і жыжказборнікаў, іншых прыстасаванняў і збудаванняў, якія прадухіляюць забруджванне і засмечванне вадаёмаў, несвоечасовая арганізацыя вывазкі арганічных адходаў, адсутнасць абвалоўкі пляцовак, на якіх праводзіцца гноевыдаленне.
Аб утылізацыі падзяжу жывёлы не паклапаціліся на ферме па ўтрыманні маладняку буйной рагатай жывёлы ААТ «Студзёнка», размешчанай паблізу ракі Каменчанка. Прама на беразе ракі выяўлены рэшткі бычкоў з прыкметамі раскладання.
Як адзначыў памочнік пракурора раёна, юрыст 2-га класа Станіслаў Падалінскі, да парушальнікаў будуць прыменены строгія меры адміністрацыйнага спагнання.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.