Интернет-магазин: умей защитить свои права

Сёлета Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў праходзіць па тэме “Спажывецкія правы ў лічбавую эпоху”. Яна падтрымана Кансультатыўным саветам па ахове правоў спажыўцоў дзяржаў удзельніц СНД. І гэта невыпадкова. Арганізацыя продажу спажывецкіх правоў і аказанне самых розных паслуг праз сетку інтэрнэт развіваецца вельмі дынамічна. Аб асаблівасцях работы Інтэрнэт-магазінаў, спосабах абароны правоў спажыўцоў расказвае Марына Мазоль, сакратар раённай камісіі па ахове правоў спажыўцоў.

 — Ці шмат на Віцебшчыне зарэгістравана інтэрнэт-магазінаў?

— Па стану на пачатак сёлетняга года ў Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь зарэгістравана 468 дзеючых інтэрнэт-магазінаў, якія з’яўляюцца суб’ектамі гаспадарання Віцебскай вобласці. Заўважым, з 2015 года іх колькасць вырасла на 40%.

Дыстанцыйныя спосабы заключэння дагавораў на куплю-продаж тавараў, выкананне работ, аказанне паслуг выкарыстоўваюцца ў нашым паўсядзённым жыцці паўсюдна. Аднак нельга і хаваць, што яны павялічваюць рызыку атрымання няякасных тавараў. Толькі ўсеагульнае разуменне ўсімі спажыўцамі, як правільна набыць тавары праз сетку Інтэрнэт можа садзейнічаць правільнаму выбару прадаўца, выканальніка паслуг. Гэта ж дапаможа аднаўленню парушаных правоў спажыўца ў выпадку набыцця тавараў ці аказання паслуг неналежнай якасці.

Падзяліцеся рэцэптамі, як абараніць сябе ад нядобрасумленных прадаўцоў у сетцы Інтэрнэт?

— Нейкіх універсальных рэкамендацый не існуе. З майго пункту гледжання, любы пакупнік, куды б ён не звяртаўся за таварамі, паслугамі, павінен добра ведаць Закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”. А галоўнае актыўна карыстацца ім пры неабходнасці.

Што датычыцца інтэрнэт-магазінаў, то кожны спажывец павінен ведаць наступнае:

— прадавец на сайце інтэрнэт-магазіна павінен давесці спажыўцу на беларускай ці рускай мове інфармацыю, якая змяшчае назву арганізацыі, юрыдычны адрас, УНП (для індывідуальнага прадпрымальніка – прозвішча, імя па бацьку, адрас, інфармацыю аб дзяржаўнай рэгістрацыі і назве органа, які правёў рэгістрацыю);

— рэжым работы магазіна;

— дату рэгістрацыі інтэрнэт-магазіна ў Гандлёвым рэеестры Рэспублікі Беларусь;

— аб дакументах, якія пацвярджаюць факт набыцця тавара і якія прадавец абавязаны выдаваць пакупніку разам з таварам – узоры такіх дакументаў і парадак іх афармлення змяшчаюцца на сайце інтэрнэт-магазіна;

— аб тавары (назва, месца знаходжанне вытворцы і імпарцёра, а таксама пры наяўнасці імпарцёра, прадстаўніка, рамонтнай арганізацыі, упаўнаважанай на ўхіленне недахопаў тавара ці яго тэхнічнае абслугоўванне; устаноўленыя гарантыйныя тэрміны, дата вырабу і тэрмін службы (тэрмін годнасці ці тэрмін захоўвання тавара); кошт тавара; наяўнасць у продажы; тэрмін дастаўкі тавара), кошт і ўмовы аплаты дастаўкі тавара.

Пры набыцці тавараў у звычайным магазіне галоўным дакументам для пакупніка з’яўляецца касавы чэк. Інтэрнэт-магазіны абавязаны выдаваць такі дакумент?

— Пачынаючы з 16 чэрвеня 2013 года – так. Зрэшты, прад’явіць прэтэнзію, калі тавар не якасны, пакупнік можа і без чэка пры наяўнасці іншых доказаў, напрыклад, пры наяўнасці звестак аб прадаўцы на ўпакоўцы тавара, у гарантыйным талоне і г.д.

Пры дастаўцы тавараў з інтэрнэт-магазіна пакупніком, як правіла спрабуюць маніпуліраваць, спасылаючыся на недахоп часу. Як ў такім выпадку весці сябе?

— Спажывец, калі ён не хоча быць падманутым, павінен супаставіць інфармацыю, атрыманую на сайце з інфармацыяй у дакументах: тэхнічным пашпарце, гарантыйным талоне, дзе ў абавязковым парадку павінна быць адзнака аб прадаўцы (назва, кантактны тэлефон, подпіс прадаўца). Такія адзнакі, як імя і нумар мабільнага тэлефона, на названых дакументах не дапускаюцца, бо пры выяўленні недахопаў нярэдка ўстанавіць прадаўца потым бывае цяжка. Пакупнік абавязаны таксама пакінуць свой подпіс, якім пацвярджае прыём тавараў.

Абагульняючы ўсё сказанае заўважым, што за пакупніком, які набывае тавары ў інтэрнэт-магазіне, захоўваюцца ўсе тыя ж правы, што і ў звычайным магазіне. Галоўнае, іх трэба ведаць і карыцстацца

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *