Сенненцев на днях выслушал депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь шестого созыва Анатолий Лукашов

прием гражданКожны прыезд дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў выбарчую акругу – гэта падзея: для мясцовай ўлады, выбаршчыкаў, чые інтарэсы ён прадстаўляе ў сталіцы. Не дзіўна таму, што кожны раз, калі праводзіцца прыём грамадзян, жадаючых расказаць аб сваіх праблемах хапае. Раённая ўлада таксама імкнецца высвятліць прычыны ўзнікнення тых ці іншых зваротаў. У час чарговага прыёму жыхароў раёна Анатоліем Лукашовым яму на дапамогу прыйшлі не толькі работнікі адпаведных службаў райвыканкама, але і кіраўнік раёна Анатолій Чараднік.

Кацярына Русіна – інвалід. Але яна ў стане сама сябе абслугоўваць. А вось муж, ён  таксама інвалід, мае патрэбу ў старонняй дапамозе, перасоўваецца ў інваліднай калясцы. Сям’я жыве у д. 6 па вул. Заводская. Пад’езды дома не маюць пандусаў, іншых прыстасаванняў, якія б дапамагалі чалавеку з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі спускацца ў двор дома. Русіны лічаць, што аптымальным варыянтам для іх было б абсталяванне пад’езда пад’ёмнай платформай. Са сваёй праблемай яны ўжо звярталіся ў вобласць. Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама спрабаваў дапамагчы інваліду, аднак знайсці сродкі на набыццё пад’ёмніка не ўдалося ні ў бюджэце, ні з дапамогай фундатараў. Магчыма пасля пісьма дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, накіраванага на адрас камітэта, пошукі выйсця з сітуацыі пачнуць весціся больш актыўна.

У Кацярыны Русінай ёсць прэтэнзіі да работы некаторых супрацоўнікаў Сенненскага РАУС. У сувязі з гэтым даручэнне дадзена начальніку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Віктару Пракаповічу.

Востра ішло абмеркаванне звароту Ларысы Тарасенка і Галіны Фёдаравай, якія жывуць у райцэнтры ў д. 8 па вул. Чырвоны Кастрычнік. У дома фактычна адсутнічае гарачае водазабеспячэнне, неабгрунтавана высокі кошт цяпла, электраэнергіі ў месцах агульнага карыстання. Пра ўсё гэта камунальнікі добра ведаюць, нават прымалі меры, каб выправіць сітуацыю, дабіваліся часовага паляпшэння. Удзел у размове прымалі не толькі дэпутат і заяўнікі. Тлумачэнні давялося даваць службовым асобам РУП ЖКГ, даручэнні трымалі адказныя работнікі райвыканкама. Пасля выяснення ўсіх абставін, якія прывялі фактычна да ігнаравання праблем спажыўцоў паслуг камунальнага прадпрыемства, віноўнікі панясуць адказнасць. А сама сітуацыя ўзята на кантроль раённым выканаўчым камітэтам.

Яўна зацягнуўся, абвастраецца канфлікт паміж членам садовага таварыства “Прыазёрнае” Сяргеем Бязлюдавым і кіраўніцтвам кааператыва. Справа дайшла да адключэння электраэнергіі ў дачным  доме. Сяргей Бязлюдазў лічыць, што такія дзеянні незаконныя, нягледзячы на адказы атрыманыя ім з райвыканкама. Цяпер зварот, у тым ліку аб правамернасці спагнання ўзносу за карыстанне дадатковым участкам, будзе разгледжаны ва ўпраўленні юстыцыі аблвыканкама. Але думаецца ў дадзеным выпадку яўна напрашваецца зварот у суд.

Сенненцы звярталіся да Анатолія Лукашова не толькі па асабістых пытаннях. Анатолій Гарбуз, дырэктар Сенненскага ПМС, прыйшоў на прыём да дэпутата ў сувязі з рэзкім ростам плацяжоў за тэхніку, набытую прадпрыемствам у лізінг. Пры першапачатковых адлічэннях у 2,5% ад выручкі за 2016 год яны дасягнулі 38%.

-Пры такім падыходзе рэзка зніжаюцца нашы магчымасці плаціць падаткі ў бюджэт, заробак. Калі так будзе і далей, непазбежна паўстане пытанне існавання прадпрыемства, — упэўнены кіраўнік.

Пра сітуацыю Анатолій Лукашоў ведае. Яна мае месца і ў іншых прадпрыемствах меліярацыі, а таму патрабуе ўмяшання на ўзроўні Ураду. Туды з запытам дэпутат і мае намер звярнуцца, бо ўбачыў у гэтым не толькі праблему эканамічнага характару, але і сацыяльнага.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Фота аўтара.