Старшыня раённага выканаўчага камітэта Васілій Чараднік правёў чарговую «прамую лінію» з жыхарамі раёна

pic13

    Магчымасцю расказаць аб праблемах асабістага і грамадскага  характару,  выказаць сваё ўласнае меркаванне з гэтай нагоды скарысталіся 16 чалавек.

За апошнія гады значная частка жыхароў мікрараёнаў індывідуальнай забудовы райцэнтра прыкметна палепшыла ўмовы жыцця. Па вуліцах пракладзены газа- і водаправоды. Вось і жыхарка вуліцы Мічурына сваю тэлефонную размову з Васіліем Чарадніком пачала менавіта з удзячнасці за гэта.

— На жаль, у час правядзення работ часткова забілася труба ў канаве, якая пракладзена праз нашу вулі­цу для адводу лішкаў вады. За восень яна запоўнілася даверху, вада вось-вось выйдзе на агароды. Дапамажыце, бо вясной затопіць і двары, і падвалы. Уласнымі сіламі прачысціць трубу жыхары вуліцы не могуць, — расказала жанчына.

Рэакцыя старшыні райвыканкама была прадказальнай. У пратаколе даручэнняў з’явіўся пункт, які абавязвае РУП ЖКГ выканаць у бліжэйшы час неабходныя работы.

Пачысціць калодзеж, узвесці над ім шапік даручана камунальнікам пасля таго, як у Васілія Чарадніка адбылася тэлефонная размова з адной з жыхарак вуліцы Зарэчная.

— Калодзеж, якім карыстаюцца дзясяткі людзей, спакон вякоў быў грамадскім. А зараз нам адмаўляюць у яго абслугоўванні, — абуралася субяседніца кіраўніку раёна.

Па даручэнні старшыні райвыканкама пасля правя­дзення камунальнікамі неабходных работ спецыялісты санстанцыі возьмуць пробы і зробяць аналіз вады.

Нягледзячы на даволі значную колькасць званкоў, характар размоў вызначаўся разважлівасцю і стрыманасцю тэлефанаваўшых. Адна з жыхарак раёна, якая актыўна займаецца асабістай прысядзібнай гаспадаркай, нават у сітуацыі, калі грамадская сельгасарганізацыя завінаваціла ёй 14 млн недэнамінаваных рублёў за цялят, толькі прасіла пасадзейнічаць, каб разлічыліся праз натуральную аплату. А самым яскравым прыкладам той атмасферы, якая склалася ў час дыялогу паміж уладай і жыхарамі раёна, можа служыць тэлефанаванне сенненца, які не толькі выказаўся крытычна з нагоды якасці паслуг лазні РУП ЖКГ і іх кошту, але і ўнёс слушныя прапановы па арганізацыі работы фізкультурнага комплексу. Васілій Чараднік вітаў падобны падыход жыхароў раёна і прасіў не хаваць праблем.

Што яшчэ турбуе вяскоўцаў? З якімі праблемамі яны звярталіся да старшыні раённага выканаўчага камітэта?

Жыхары вёскі Латыгаль хацелі б, каб у іх населены пункт заходзіў рэйсавы аўтобус. У Міхнава і  некаторых бліжэйшых вёсках раптоўна перапыніўся прыём тэлевізійных каналаў. На думку жыхароў Ходцаў цэнтральная вулі­ца аграгарадка з улі­кам інтэнсіўнасці руху аўтатранспарту недастаткова асветлена.

Усе гэтыя, як і некаторыя іншыя, пытанні патрабуюць дадатковага вывучэння, некаторых дадатковых затрат з раённага бюджэту, выдаткаў арганізацый. Аднак, як пад­крэсліў Васілій Чараднік, пры любой магчымасці будзе зроблена ўсё, каб дапамагчы людзям.