Папярэдзіць, дапамагчы

%d0%b7%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%bd

      У гэтым бачаць сваю галоўную задачу члены савета грамадскага пункта аховы правапарадку, што працуе пры Какоўчынскім сельвыканкаме. А таму на пасяджэнне, як правіла, запрашаюцца людзі, якія трапілі ў няпростую жыццёвую сітуацыю, парушаюць парадак, дысцыпліну на вытворчасці, не ладзяць з роднымі, суседзямі.

Жыхар вёскі Пашкова на пасяджэнне савета запрашаецца рэгулярна. Вясковец злоўжывае алкаголем. На гэта ў яго сродкаў хапае, хоць афіцыйна ён нідзе не працуе. У нецвярозым стане мае схільнасць да міжасабовых канфліктаў. На гэты раз за дапамогай у міліцыю звярнулася дачка сужыцелькі, якая выхоўвае немаўля.

З сужыцелькай у нашага «героя» ёсць агульныя дзеці: двое вучацца ў школе, дарэчы, нядрэнна, старэйшая дачка — навучэнка каледжа. Здавалася б, бацька павінен, абавязаны падтрымаць маральна і матэрыяльна хоць бы сваіх нашчадкаў. А тут такое. На гэты раз члены савета прапанавалі яму кардынальныя меры — лячэбна-працоўны прафілакторый, дзе дапамогуць пераадолець згубную звычку.

У населеных пунктах сельсавета людзі, якія маюць алкагольную залежнасць, нярэдкасць. Большасць з іх з поля зроку членаў грамадскага фарміравання не знікаюць.

Няпростая жыццёвая сітуацыя ў жыхара вёскі Зубава. Мужчына — абавязаная асоба, працуе ў ААТ «Бяленева». І даволі нядрэнна. Тым не менш заробкаў жывёлаводу не хапае, каб выплаціць запазычанасць. Сітуацыю не выратоўвае нават невялікая падсобная гаспадарка, якую ён трымае. Вясковец не наракае на долю, хоць за неўплату спажытай электра­энергіі яму пагражае адключэнне жылля ад лініі электраперадач. У сельвыканкам ён прыйшоў са спадзяваннем знайсці падказку аб дадатковай крыніцы фінансавых паступленняў. Наколькі яго надзеі рэальныя, іншая справа. У гэтым жыцці трэба разлічваць больш на ўласныя сілы, а галоўнае не заганяць сябе ў куток.

Зрэшты, члены савета грамадскага пункта аховы правапарадку таксама ў стане падказаць выйсце з той ці іншай жыццёвай калізіі. Большасць з іх займае пасады ў дзяржаўных установах, вызначаецца актыўнай грамадскай пазіцыяй.

Вясковец з Літусава ўтрымлівае на падворку сабаку. На ноч «сябра чалавека» спускаюць з ланцуга, каб пабегаў, мог ахоўваць усю тэрыторыю. Неяк сабака наведалася на суседскі двор, дзе задушыла дзвюх авечак, некалькіх качак. Урэгуляваць самастойна канфлікт вяскоўцы не змаглі. Пацярпелы бок звярнуўся ў права­ахоўныя органы. У выніку суд першай інстанцыі абавязаў гаспадара сабакі кампенсаваць суседу страты. Сабаку абавязалі трымаць на ланцугу, у адпаведнасці з правіламі. На пасяджэнне савета аматара сабак запрасілі, каб папярэдзіць новыя падобныя здарэнні, каб урок атрымалі іншыя вяскоўцы. Сабак у Літусаве, іншых вёсках развялося больш чым трэба. А вось правілы ўтрымання іх вяскоўцы ігнаруюць. На пасяджэнні савета прагучалі прэтэнзіі да работы спецыялістаў РУП ЖКГ, якія абавязаны весці адлоў ба­дзяжных сабак, сачыць за правіламі іх утрымання. Але не толькі яны павінны гэтым займацца. Пратакол аб адміністрацыйным парушэнні могуць складаць і работнікі міліцыі. На жаль, ні яны, ні камунальнікі ініцыятывы не праяўляюць, а значыць не ўплываюць на прававую культуру насельніцтва, не займаюцца прафі­лактычнай дзейнасцю. І гэта праблема. Калі закон, правілы не выконваюцца, гэта бэсціць людзей, негатыўна адбіваецца на грамадскім парадку.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ