Всё, что вы хотели знать о субсидиях на ЖКУ

%d0%b6%d0%ba%d1%83

З пачатку кастрычніка ў Беларусі распачата работа па разліку і налічэнні безнаяўных жыллёвых субсідый грамадзянам, чые выдаткі на плату за ЖКП перавышаюць 15% ад сярэднямесячнага сукупнага даходу сям’і (ці асобнага грамадзяні­на) у сельскай мясцовасці і 20% — у горадзе. Пра ключавыя моманты новай сістэмы прадастаўлення дзяржаўнай дапамогі на аплату жыллёва-камунальных паслуг расказала начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Наталля САПРЫКА.

— Наталля Васільеўна, якія камунальныя паслугі субсідзіруюцца?

— Субсідзіруюцца паслугі па гарачым і халодным водазабеспячэнні, водаадвядзенні (каналізацыі), газа-, электра- і цеплазабеспячэнні, капітальным рамонце, тэхабслу­гоў­ванні жылога дома, вывазу смецця, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога до­ма. Дадатковыя паслугі (абслугоўванне дамафонаў, відэаназіранне, інтэрнэт і іншае), а таксама спажыванне ЖКП вышэй нормы не ўлічваюцца падчас разліку дзярждапамогі, і гэту розніцу абанент павінен пла­ціць самастойна.

Сёння грамадзяне кампенсуюць 40% ад кошту жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП), аднак, да 2018 года плануецца павялічыць гэту лічбу да 100%.

— Як фар­мі­руюцца спісы грама­дзян, што маюць патрэбу ў субсідыях?

— Субсідыя  прадастаўляецца па заяўным прынцыпе, а яшчэ шляхам выяўлення. Апошнім спосабам дапамогу дзяржавы змогуць атрымаць пенсіянеры па ўзросце, якія не працуюць, непрацуючыя паўналетнія інваліды, калі сумесна з імі не пражываюць працаздольныя члены сям’і. Гэтым катэгорыям грама­дзян ніякіх даведак збіраць не трэба, пра ўсё паклапоцяцца адпаведныя службы.

Астатнім катэгорыям субсідыя будзе прадастаўляцца па заяўным прынцыпе шляхам падачы заявы ў КВУП «Віцебскі абласны разлікова-касавы цэнтр» (г. Сянно). Тэрмін разгляду заявы ад 10 да 20 працоўных дзён.

За прызначэннем субсідый па заяўным прынцыпе сенненцы пакуль не звярталіся. Па выяўляльным прынцыпе субсідыі атрымаюць 15 чалавек.

Безнаяўная субсідыя па выяўляльным прынцыпе пра­дас­таў­ляец­ца на тры месяцы. Пры гэтым аналізуюцца даходы членаў сям’і за апош­ні квартал. Пры заяўным прынцыпе ў разлік бяруццап даходы за апошнія паўгода, адпаведна, субсідыя будзе прадастаўлена на такіж перыяд.

— Як будзе разлічвацца памер субсі­дый?

— Памер субсідыі для кожнага атрымальніка будзе вызначацца індывідуальна па рашэнні раённага выканаўчага камітэта з улікам плошчы жылога памяшкання, колькасці пражываючых у ім грамадзян, аб’­ёму спажываемых ЖКП.

— Якая катэгорыя грама­дзян не зможа атрымаць субсідыі?

— У афармленні субсідыі будзе адмоўлена, калі ўладальнік жылля альбо хто-небудзь з членаў сям’і, якія сумесна з ім пражываюць,  маюць ва ўласнасці некалькі жылых памяшканняў на тэрыторыі краіны (да прыкладу, кватэру і дом, дзве кватэры і г. д.) альбо долей у іншай кватэры (выключэнне складаюць шматдзетныя сем’і), здаюць жыллё па дагаворы найму альбо валодаюць кватэрай, у якой зарэгістравана прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Дадзенае пра­віла дзейнічае нават у тым выпадку, калі сукупны даход малы і дазваляе прэтэндаваць на субсідыю. Прычым, калі стане вядома, што звесткі пра даходы не адпавядаюць рэчаіснасці, прыдзецца вярнуць не толькі ўсю налічаную субсідыю, але і заплаціць пеню за кожны дзень такой дапамогі ў памеры 0,3%.

Субсідыі не дадуць і беспрацоўным, якія не стаялі на ўліку па беспрацоўі. Абавязковая ўмова, каб у кожным месяцы былі даходы. Ка­лі чалавек не меў да­ходаў і не стаяў на ўліку ў служ­­бах за­нятасці хаця б ме­сяц з некалькіх, што па­пя­рэд­­ні­ча­юць падачы заявы,  субсі­дзі­равання не бу­дзе. Да­рэчы, першыя суб­­сідыі за кастрычнік атрыманы ў лістападзе, а сума прадастаўленай дапамогі будзе ўказана ў жыроўцы.

 Ларыса МУКАМОЛАВА.

  Па пытаннях прадастаўлення субсідый можна звяртацца  ў КВУП «Віцебскі абласны разлікова-касавы цэнтр« з 8.00 да 13.00 гадзін і з 14.00 да 17.00 гадзін у рабочыя дні па адрасе г. Сянно, вул. Назаранкі, 8 ці па тэлефоне 5-36-33.