Яе канек-кінетычны пясок. Як праводзяцца заняткі для дзяцей з парушэннямі маўлення ў ДУА «Яслі-сад №3 г. Сянно»?

 1Лагапед або дэфектолаг займаецца з дзецьмі і дарослымі, у якіх ёсць парушэнні ў вымаўленні гукаў. Карэктуючы маўленне, лагапеды-дэфектолагі вяртаюць дзіцяці раскошу чалавечых зносін, даюць яму магчымасць актыўна жыць у грамадстве, паспяхова вучыцца ў школе і правільна развівацца ў дарослым жыцці.

У ДУА “Яслі-сад №3 г.Сянно” групу для дзяцей з парушэннямі маўлення вядзе маладая настаўнік-лагапед Крысціна Паляшчук.

Яна не проста дапамагае дзеткам навучыцца правільна гаварыць. Насамрэч дзейнасць такога спецыяліста больш шырокая і ўключае ў сябе развіццё слоўнікавага запасу дзіцяці, важнейшых псіхічных працэсаў (увагі, памяці, мыслення). Дзякуючы заняткам, дзеці  спасцігаюць свет, знаходзяць свае месца у калектыве і выяўляюць уласныя здольнасці.

Спецыялісты ведаюць, што мова дзіцяці знаходзіцца на кончыках пальцаў. Чым больш развіваць дробную маторыку, тым хутчэй дзіця загаворыць. Крысціна Паляшчук надае гэтаму пытанню вялікую ўвагу. Нароўні з прывычнымі практыкаваннямі, яна выкарыстоўвае і нетрадыцыйныя метады. У мінулым годзе, напрыклад, актыўна праводзіла з дзецьмі крыатэрапію. Гэта адна з найбольш сучасных тэхналогій карэкцыйнай педагогікі прадугледжвае узаемадзеянне дзіцячых рук з лёдам, што спрыяе развіццю тактыльнай адчувальнасці.

Сёлета дзеці, якія наведваюць групу дэфектолага Крысціны Паляшчук, асвойваюць кінетычны пясок.

— Гэты матэрыял на 98% складаецца з кварца і на 2% з палімера. Такі пясок з’яўляецца гіпаалергенным, ён не рассыпаецца і прыемны навобмацак, — расказвае дэфектолаг. — Кінетычны пясок карысны для развіцця дробнай маторыкі. Яго раяць выкарыстоўваць і псіхолагі для зняцця псіха-эмацыянальнага напружання дзяцей. Бо ў сучасных дзяцей нярэдка назіраюцца гіперактыўнасць або, наадварот, замкнёнасць, няўпэўненасць у сабе. А яшчэ кінетычны пясок спрыяе развіццю творчых здольнасцей дзіцяці.

У час нашага візіту Крысціна Паляшчук займалася з Палінай Гарбузавай. Педагог на практыцы паказала, як можна выкарыстоўваць кінетычны пясок. Да прыкладу, адшукваць у ім маленькія лялькі, рабіць адбіткі літар, выгаворваючы пры гэтым розныя словы і гукі, маляваць пэндзлем на пяску, мяць яго, разгладжваць, ляпіць пры дапамозе дзіцячых формачак фігуркі.

У групе Крысціны Паляшчук выхаванцы з моўнымі асаблівасцямі займаюцца два гады. Ліміт групы складае 12 чалавек. У гэтым годзе яе наведваюць 11 маленькіх сенненцаў. Для зручнасці група дзеліцца на падгрупы. Заняткі пабудаваны наступным чынам: першыя 25 хвілін — дыхальная гімнастыка, потым практыкаванні на развіццё дробнай маторыкі. Затым выхаванцы перамяшчаюцца да люстэрка, перад якім займаюцца пастаноўкай і аўтаматызацыяй гукаў.

У раскладзе педагога ёсць месца таксама індывідуальным заняткам. Акрамя таго, у кожнага выхаванца “маўленчай” групы ёсць асобныя сшыткі, куды запісваюцца хатнія заданні. Дадаткова дэфектолаг кансультуе выхавальнікаў асноўнай групы, якую наведваюць дзеці з парушэннямі маўлення.

— Бацькам не трэба панікаваць, калі педагогі ўключылі іх дзіця ў такую групу, — рэкамендуе спецыяліст-дэфектолаг. —  Каб працэс фарміравання маўлення ў дзяцей ішоў хутчэй, бацькам вельмі важна займацца з дзецьмі дома.

Праведзены дэфектолагам маніторынг засведчыў, што, дзякуючы такім заняткам, ў наведвальнікаў групы павысіўся працэнт чыстай моўнай нормы.

Выправіць усе моўныя парушэнні неабходна менавіта ў дашкольным узросце. Гэта дазволіць дзіцяці ў далейшым быць больш паспяховым у школе і ўвогуле па жыцці.

Ірына ХАСАНАВА.

НА ЗДЫМКУ: Крысціна Паляшчук праводзіць індывідуальныя заняткі з кінетычным пяском з Палінай Гарбузавай.

Фота аўтара.