Супрацоўнікі мінскага агенцтва нерухомасці наведалі аддзяленне кругласутачнага знаходжання ТЦСАН аг. Багданава

helping handУ аддзялення кругласутачнага знаходжання ТЦСАН аг. Багданава знайшліся сталічныя спонсары — мінскае агенцтва нерухомасці “Твая сталіца”, расказала загадчыца сацыяльнай установы Надзея Васілёнак.

 Сёлета фірма святкуе сваё 20-годдзе, і яе супрацоўнікі вырашылі на працягу года адзначаць гэту дату дваццаццю добрымі справамі.

 Супрацоўніцы агенцтва сёстры Ларыса Дубаневіч і Людміла Курс – былыя жыхаркі в.Пожанькі Багданаўскага сельсавета, прыехаўшы на Радуніцу да родных магіл, даведаліся, што ў Багданаве створана аддзяленне для пражывання старых адзінокіх людзей.

 У наступны раз мінчанкі прыехалі на малую радзіму з “добрай справай”. Насельнікі багданаўскага аддзялення атрымалі салодкія падарункі, пасцельныя рэчы, вопратку.

Гаспадары пазнаёмілі гасцей з жыццём аддзялення і ўсе разам наладзілі сапраўднае свята з песнямі пад гармонік.

 Наш кар.