У накладзе ніхто не будзе

 

 

 

 

 

 

 

На сродкі самаабкладання Багданаўскі  сельскі Савет па праграме «Чыстая вада» правёў чыстку і рамонт дзесяці калодзежаў (1240 тысяч рублёў), закупіў чатыры кантэйнеры для збору цвёрдых бытавых адходаў (1380 тысяч рублёў). Выкананы некаторыя іншыя работы: усяго на суму 2661 тысяча рублёў.

 Што гэта за сродкі самаабкладання? Савецкі энцыклапедычны слоўнік  пад рэдакцыяй А.М.Прохарава, Масква, выд. «Советская энциклопедия», 1987, слова «самаабкладанне» трактуе як прыцягненне ў добраахвотным парадку сродкаў насельніцтва ў сельскай мясцовасці і дачных пасёлках для правядзення работ па добраўпарадкаванні і культурным будаўніцтве.

 —»Культурнае будаўніцтва»  — гэта , мабыць, занадта пафасна сказана, — разважае старшыня Багданаўскага сельскага Савета дэпутатаў В.С.Мурашкевіч. — Я б сказаў так: «Добраахвотны збор сродкаў на мясцовыя грамадскія патрэбы, які вызначаецца самім насельніцтвам, калектывам». Калі ж  мець на ўвазе «будаўніцтва», то хіба што на яго можна пабудаваць альтанку ці абсталяваць нейкае месца адпачынку.

 Увогуле падобны збор існаваў з даўніх часоў. Самі ж зрабілі спасылку на Савецкі энцыклапедычны слоўнік, выдадзены ў СССР. Колькі вады ўжо збегла. Потым такая форма работы з насельніцтвам, як самаабкладанне, прызабылася. І вось з прыняццем  Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», а таксама Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 21 «Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва» зноў адрадзілася.

 — З чаго пачыналася адраджэнне?

 — З таго, з чаго пачынаецца любая іншая справа: з вырашэння арганізацыйных пытанняў і растлумачальнай работы. Хаця старэйшаму пакаленню тлумачыць нейкія азы самаабкладання не варта, яно яго памятае. Справа ў іншым. За савецкім часам, ды іншы раз і ў незалежнай Беларусі, добраахвотных збораў праводзілася нямала: у дапамогу галадаючым Анголы, у падтрымку Кубінскай рэвалюцыі, у фонд міру, у падтрымку розных арганізацый — Чырвонага Крыжа, таварыства выратавання на вадзе і г.д. З нагоды і без яе грошы збіраліся, а куды яны траціліся, народ не заўсёды ведаў. Недавер стрымліваў ініцыятыву. Таму людзям растлумачылі і запэўнілі, што сродкі  самаабкладання пойдуць толькі на патрэбы мясцовага насельніцтва, і сельвыканкам  даложыць яму, куды выдаткавана кожная сабраная капейка.

 Адразу на многае не замахваліся. У даходныя і расходныя артыкулы мясцовага бюджэту залажылі сродкі ў суме 2 мільёны 100 тысяч рублёў. Вызначылі ніжнюю мяжу добраахвотнага ўзносу — 5 тысяч рублёў. І ў адрозненне ад папярэдніх гадоў людзі праявілі актыўнасць: па стану на 1 кастрычніка было сабрана 2126 тысяч рублёў, і работа гэта працягваецца.

 — А калі я, скажам, на карысць грамадства вырашыў ахвяраваць 20 ці 50 тысяч рублёў?

 — Верхняя планка можа ўзнімацца  бясконца. Жадаеце сто тысяч… мільён… толькі будзем  удзячны мы і людзі. Але вяскоўцы пакуль не настолькі багатыя, таму для іх і «пяцёрка» грошы. Хаця старэйшына вёскі Турава Вольга Іванаўна Прыстаўка пагутарыла з аднавяскоўцамі і яны сабралі па 7 тысяч рублёў. Актыўна  ў гэтым плане працавалі старэйшыны Наталля Кірылаўна Стайнова (в.Лук’янава), Надзея Аляксандраўна Васілёнак (в.Багданава).

 І мне сёння не сорамна глядзець у вочы жыхарам вёсак Ульянавічы, Дольдзева, Сяргейкі, Каралевічы, Гарадзец, Лук’янава, дзе пачысцілі калодзежы пітной вады. Закуплены кольцы для рамонту калодзежаў у вёсках Канева, Тухінка. У Каневе, дарэчы, калодзеж ужо адрамантавалі. Кантэйнеры для збору бытавога смецця ўстанавілі ў вёсках Свабодная і Турава…

 — Няўдзячная справа лічыць грошы ў чужой кішэні.Аднак усё ж баланс не б’е, Віктар Сямёнавіч, сабралі 2126 тысяч, а выдаткавалі 2660 тысяч?

 — І вас, і вяскоўцаў сельсавета яшчэ раз запэўніваю, што ніводная капейчына самаабкладання марна патрачана не будзе, пойдзе толькі на патрэбы людзей. А баланс не «б’е» таму, што засталіся рэшткі з мінулага года ў суме 761 тысяча рублёў. Таму на сёння яшчэ маем 200 тысяч, на якія разлічваем да пачатку ўстойлівай зімы адрамантаваць калодзеж у вёсцы Уздорнікі. Магчыма, гэта сума ўзрасце, бо пакуль не ўлічаны зборы кастрычніка, наперадзе — лістапад, снежань.

 — Я, скажам, зрабіў свой добраахвотны ўзнос, але ў маёй вёсцы, як кажуць, конь не валяўся...

 — Такое на першым этапе таксама магчыма. Напрыклад, у вёсцы жыве 5-6 чалавек, сабралі 40 тысяч, а тут вельмі патрэбны рамонт калодзежа, кошт якога 300-400 тысяч. Таму сродкі пераразмяркоўваюцца. Але ў накладзе ці забытай не застанецца ні адна вёска. І кожны чалавек у далейшым адчуе карысць сваіх добраахвотных ахвяраванняў.

 Са старшынёй Багданаўскага

сельскага Савета

Віктарам Мурашкевічам

гутарыў Міхаіл Бялоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *