Самае важнае — «надвор’е» ў калектыве

IMG_491312 мая адзначаўся Міжнародны дзень медсясцёр. Аксана Казлова працуе медыцынскай сястрой 28 гадоў. Пасля заканчэння Аршанскага медвучылішча па размеркаванні ўраджэнка Сенненшчыны трапіла ў Багушэўскую абласную туберкулёзную бальніцу.
Працоўную дзейнасць пачынала працэдурнай, палатнай медсястрой. 3 кожным годам узбагачала вопыт абранай прафесіі. І вось ужо 16 гадоў Аксана Анатольеўна — старшая медсястра пятага аддзялення.
У жанчыны шмат абавязкаў. Акрамя непасрэднай каардынацыі работы сваіх падначаленых — медперсаналу сярэдняга і малодшага звяна, яна адказвае за вядзенне табелю ўліку рабочага часу, складанне графікаў дзяжурства медперсаналу, наяўнасць неабходных лекаў, захаванне санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму.
Пры гэтым Аксана Анатольеўна не менш адказна выконвае і грамадскую работу на пасадзе прафсаюзнага лідара ўстановы.
— У нас дружны і зладжаны калектыў, — кажа мая суразмоўца. — Умеем не толькі добра працаваць, але і адпачываць. Цікава праводзім Дзень медыцынскіх работнікаў, іншыя святы. На 8 Сакавіка і Дзень маці па традыцыі ўшаноўваем нашых жанчын. Вялікая ўвага надаецца ветэранам працы і шматдзетным сем’ям, абавязкова віншуем імяніннікаў-юбіляраў. Не пакідае прафсаюз сваіх членаў і ў цяжкую хвіліну, аказваючы матэрыяльную дапамогу.
Актыўны ўдзел работнікі туббальніцы прымаюць у грамадскім і спартыўным жыцці гарадскога пасёлка і раёна. Сёлета ў раённым конкурсе прафсаюзаў «Новыя імёны Беларусі-2016» квартэт лячэбнай установы з песняй «Ивушка» заняў першае месца і прадстаўляў Сенненшчыну на аднайменным абласным конкурсе.
На пастаянным кантролі прафкама — важнейшыя пытанні аховы працы, якія абмяркоўваюцца штоквартальна на пашыраных пасяджэннях прафсаюзнага камітэта і адміністрацыі. У гэтым плане ва ўстанове зроблена многае. Абсталяваны пакой адпачынку для медработнікаў. У кожнае падраздзяленне набылі мікрахвалёвую печ. А для дадатковага стымулявання ініцыятывы па стварэнні належных умоў працы нават арганізавалі конкурс на лепшы пакой адпачынку. Па выніках спаборніцтва за першае месца прафсаюз прэзентаваў халадзільнік, астатнія ўдзельнікі атрымалі электрачайнікі, камплекты посуду.
Асноўным дакументам, на якім будуюцца адносіны паміж адміністрацыяй і працоўным калектывам, безумоўна, з’яўляецца калектыўны дагавор. Словам, прафсаюз у Багушэўскай абласной туберкулёзнай бальніцы існуе не на паперы, а працуе, як і належыць, праяўляе клопат аб людзях.
— Заслуга ў гэтым, вядома, усяго калектыву, — тлумачыць старшая медсястра. — Заваяваных пазіцый стараемся не здаваць. Галоўнае, каб у калектыве панавала дружалюбная атмасфера, тады ўсё будзе добра.
Відавочна, што калегі задаволены такой актыўнасцю свайго прафсаюзнага лідара. Як падкрэсліла Аксана Казлова, у грамадскай рабоце яна абапіраецца на галоўнага ўрача ўстановы Наталлю Уладзіміраўну Лясную — чалавека шчырага, нераўнадушнага і выдатнага кіраўніка.

Ларыса МУКАМОЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *