ДОМ РАМЁСТВАЎ ЗАПРАШАЕ НА СВЯТА-КОНКУРС

1+++У суботу, 28 лістапада, у Сянне пройдзе адкрытае абласное свята-конкурс народнага касцюма «Сцяжкі майстэрства», арганізатарам якога з’яўляецца Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.

Мерапрыемства такога фармату ў вобласці адбудзецца ўпершыню. Месцам правядзення конкурсу наш горад стаў не выпадкова. Сенненшчына — гэта радзіма вядомага беларускага мастацтвазнаўцы, прафесара, даследчыка народнай культуры, арнаменту і касцюма Міхаіла Сяргеевіча Кацара. На Сенненшчыне нарадзілася і яго сястра Матрона Маркевіч, аўтар арнаменту, які знаходзіцца на дзяржаўным сцягу Беларусі. У гонар майстрыхі ў цэнтральным парку горада ўстаноўлены памятны знак «Родны край». Дарэчы, гэта адзіны помнік у рэспубліцы такога характару.
Мерапрыемства пачнецца ў зале пасяджэнняў Сенненскага райвыканкама з канферэнцыі, прысвечанай адраджэнню традыцыйнага народнага касцюма на Віцебшчыне. На ёй будуць прысутнічаць вядомыя беларускія дзеячы культуры доктар мастацтвазнаўства Яўген Міхайлавіч Сахута, этнограф Іван Іванавіч Крук, якія ўвайдуць у склад журы конкурсу. На свята таксама запрошаны ўсе дырэктары і майстры Дамоў рамёстваў вобласці. Чакаюцца госці з Брэсцкай і нават са Смаленскай і Пскоўскай абласцей.
Пасля канферэнцыі для гасцей адкрые свае дзверы Сенненскі Дом рамёстваў, дзе пройдуць майстар-класы ўдзельнікаў клуба народных майстроў «Натхненне». У прыватнасці свае ўменні і навыкі па лазапляценні прадэманструе Сяргей Грунтоў, майстар-класы па кераміцы дадуць Уладзімір Сінкевіч і Уладзімір Квашко. Сваё майстэрства вышывання пакажуць Аляксандра Краўчанка, Ніна Васілёнак, Вольга Камандзірава, Людміла Кнацько. Работы гэтых і іншых майстроў будуць прадстаўлены і на выставах «Спадчына» і «Вяртанне на кругі свая». Таксама адбудзецца выстава «Зберагчы самабытнасць», дзе прысутныя змогуць убачыць этнаграфічныя матэрыялы Сенненшчыны.
Святочны настрой створаць калектыў мастацкай самадзейнасці «Хадчаначка» і вучні Ходцаўскай школы, якія завітаюць на мерапрыемства з канцэртнай праграмай.
Майстры керамікі на памяць аб свяце зробяць «Талерку дружбы». На ёй кожны ўдзельнік зможа пакінуць свой адпячатак пальца. Выраб пасля тэхналагічнай апрацоўкі перададуць у Віцебскі абласны цэнтр народнай творчасці.
Потым мерапрыемства перанясецца ў Сенненскі раённы цэнтр культуры і творчасці, дзе і распачнецца паказ конкурсных работ, у якім прымуць удзел усе Дамы рамёстваў вобласці. Сенненскі прадставіць па два беларускія і яўрэйскія касцюмы вясельнага строю і два сцэнічныя з выкарыстаннем узораў нашага раёна. Абараняць іх на конкурсе дапамогуць творчыя калектывы Сенненскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Работа па вырабленні гэтых касцюмаў вялася дырэктарам Дома рамёстваў Вольгай Квашко і майстрыхай Тамарай Кучынскай на працягу цэлага года.
Відовішчным абяцае быць і фінал мерапрыемства. Пасля падвядзення вынікаў усе ўдзельнікі конкурсу сплятуць агульны пояс, на якім прадставяць кожны рэгіён нашай вобласці асобным колерам.
Міхаіл БУРАКОЎ.
НА ЗДЫМКУ: Вольга Квашко дэманструе конкурсны касцюм.