САБРАЛІСЯ З ДОБРАЙ НАГОДЫ

4+++Суботнім жнівеньскім днём было гаманліва і мнагалюдна ў вёсцы Заветнае Багушэўскага сельсавета. Жыхары і госці ўрачыста адзначылі свята свайго населенага пункта «Той край, што нам дадзены лёсам».

Хлебам-соллю вяскоўцы сустракалі старшыню сельвыканкама Вячаслава Багданава. У сваёй прывітальнай прамове Вячаслаў Віктаравіч адзначыў, што ў Заветным жывуць гаспадарлівыя, добрыя, спагадлівыя людзі, якія любяць сваю малую радзіму, падтрымліваюць парадак, прыкладаюць шмат намаганняў, каб добраўпарадкаваць свае сядзібы. Таму вёска выглядае прыгожай і ўтульнай.
Падчас святочнай праграмы гучалі прозвішчы руплівых вяскоўцаў, якія добрасумленна працуюць на палях і фермах мясцовага сельгаспрадпрыемства імя Гараўца. У гэты дзень цёпла віталі і жадалі моцнага здароўя найстарэйшай жыхарцы Заветнага — 90-гадовай Лідзіі Дзмітрыеўне Лядновіч. Не абыйшлі ўвагай і самую маленькую вяскоўку — Карыну Аліянерц, якой споўнілася 2 месяцы. Пажаданні дабрабыту і шчасця прымалі ў свой адрас яе бацькі — Руслан Віктаравіч і Юлія Мікалаеўна. З гонарам прадставілі пары, якія з’яўляюцца прыкладам для моладзі. Гэта сем’і Аляксея Яфімавіча і Лідзіі Сцяпанаўны Жупікавых, Паўла Мікітавіча і Веры Якаўлеўны Януковых, Міхаіла Анатольевіча і Жанны Мікалаеўны Барадуліных.
У кожнай вёсцы ёсць старэйшына, які клапоціцца пра жыхароў, добраўпарадкаванне вёсак. Ганна Уладзіміраўна Янукова — адна з лепшых старэйшын Багушэўскага сельсавета. Жанчына стараецца, каб землякам жылося зручна і камфортна, каб вёска выглядала прывабна, калі трэба, не баіцца патурбаваць мясцовую ўладу.
1+++Цяжка пералічыць прозвішчы ўсіх тых, хто стараецца зрабіць свой край прыгажэйшым. У намінацыі «Лепшы падворак» удзячнасць прагучала ў адрас сямей Аляксея і Лідзіі Жупікавых, Леаніда і Любові Багамолавых, Наталлі Сакута, Уладзіміра і Веры Казловых і многіх іншых. Здаецца, ніхто з сяльчан не быў абдзелены ўвагай, словамі пахвалы, віншаваннямі. Для кожнага вядучая мерапрыемства, загадчыца Рыбненскага сельскага клуба Надзея Лядновіч, знаходзіла простыя пранікнёныя словы.
Верш уласнага сачынення «Мая вёска» прачытала вучаніца 8 класа Багушэўскай школы №1 Ганна Барадуліна. У той дзень працавала выстава творчых работ. Захаплялі вырабы з дрэва і вязаныя рэчы Аляксандра і Наталлі Сакутаў. Удзел у выставе прынялі і дзеці. Свае малюнкі прадставілі Ганна і Яраслаў Барадуліны, Яна Янукова, Марат Лядновіч.
5+++Святочны настрой удзельнікам свята стваралі сямейны дуэт «Вечарына» з Віцебска і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці клуба вёскі Рыбнае.
Ларыса МУКАМОЛАВА.
НА ЗДЫМКУ: падчас свята.