З УДЗЕЛАМ КІРАЎНІКОЎ І МОЛАДЗІ

5+++Прайшла чарговая летняя раённая спартакіяда. Удзел у ёй прымалі 13 каманд, якія прадстаўлялі працоўныя калектывы, і 7 зборных сельсаветаў.

Па два прадстаўнікі каманд спаборнічалі ў скачках у даўжыню з месца, чаўночным бегу, дэманстравалі хуткасць, сілу, спрыт у бегу на 30 метраў, у падцягванні, іншых практыкаваннях, якія складаюць дзяржаўны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, што дзейнічае ў нашай краіне дзеля прапаганды здаровага ладу жыцця.
Акрамя таго, у залік браліся вынікі, паказаныя іншымі прадстаўнікамі каманд у гарадках, гіравым спорце, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі лежачы.
Удзел у цырымоніі адкрыцця спартакіяды прымалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Васілій Чараднік, старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга. Нагодай для іх прысутнасці стала не толькі спартакіяда. Напярэдадні футбольны клуб «Сянно», фундатарам якога выступае перапампоўваючая станцыя «Сянно», выйграў Кубак вобласці па футболе. Яго ў прысутнасці аматараў спорту і здаровага ладу жыцця кіраўніку раёна перадаў Сяргей Галынчык, гуляючы трэнер каманды. Спартыўны прыз заваяваны ўпершыню ў гісторыі каманды, якая сёлета адзначыла 50-годдзе з дня стварэння.У адказ камандзе быў уручаны камплект новай спартыўнай формы. Яна, дарэчы, вытрымана ў колерах сцяга раёна.
Футбол на Сенненшчыне традыцыйна з’яўляецца самым папулярным і масавым відам спорта. Васілій Чараднік уручыў узнагароды членам каманд-пераможцаў турніра, які летам праводзіўся сярод аматараў футболу райцэнтра. У малодшай узроставай групе перамаглі футбалісты з вуліцы Назаранкі, старэйшай — з Кастрычніцкай.

А тым часам спартыўныя баталіі пачалі дарослыя ўдзельнікі спартакіяды. Актыўны ўдзел у іх прымалі кіраўнікі, ва ўсякім разе — сельскіх выканаўчых камітэтаў. У гарадках першыя тры месцы занялі Алег Барытка, Анатоль Бараноўскі і Віктар Мандрык. Сур’ёзная канкурэнцыя назіралася ў гіравым спорце. Пры гэтым не толькі сярод атлетаў, якія прадстаўлялі працоўныя калектывы. Тут па-за канкурэнцыяй быў, як заўжды, Сяргей Кацар з раённага вузла электрасувязі, другі вынік паказаў Ілья Сачнеў з РАНС (у рыўку 24-кілаграмовы снарад ён узняў 101 раз). Шмат эмоцый гледачам прынеслі выступленні ў бегу, чаўночным бегу.
Сярод удзельнікаў спартакіяды з’явіліся новыя каманды: Багушэўская туббальніца, КУПБА «Прэстыж», ААТ «Бяленева». Выступленні дэбютантаў можна прызнаць паспяховымі — 8,9,10 месцы адпаведна ў агульнакамандным заліку.
Ну а пераможцамі сталі аматары спорту,якія прадстаўлялі РВУ «Сяннорайгаз», другое месца занялі спартсмены РВЭС, трэцяе — ПС «Сянно». Пры гэтым варта звярнуць увагу, каманда газавікоў найлепшы вынік паказала ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе, што сведчыць — у калектыве фізкультура ў пашане.
Сярод сельсаветаў перамогу атрымала, таксама дзякуючы лепшаму выніку ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе, каманда Нямойтаўскага сельсавета, другое месца ў каманды Какоўчынскага, трэцяе — Багданаўскага.
Наш кар.