ПЕСНЯ ЗАСТАЕЦЦА З ЧАЛАВЕКАМ

1+Прайшоў фестываль мастацкай самадзейнасці работнікаў адукацыі раёна «Песня застаецца з чалавекам». Сёлета ён у дзявяты раз сабраў на сцэне раённага цэнтра народнай творчасці і культуры педагогаў Сенненшчыны і быў прысвечаны 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Праграма фестывалю складалася з дзвюх намінацый: песня ваенных гадоў ці песня пра вайну і песня-шлягер. У кожнай намінацыі конкурсу асобна спаборнічалі салісты, харавыя калектывы, дуэты, трыа, вакальныя групы.
Сачыла за выступленнямі канкурсантаў і вызначала лепшых кампетэнтнае журы на чале з нязменным старшынёй Іванам Смірновым, дырэктарам Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў.
На фестываль былі запрошаны ганаровыя госці, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Зоя Фаміна, начальнікі аддзелаў райвыканкама, адукацыі, спорту і турызму Людміла Аніськовіч, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Мяцеліца, а таксама старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мацуганаў.
Адкрыўся фестываль песняй «Ветэранам мінулай вайны», якую выканалі пераможцы раённага конкурсу дзіцячай творчасці «Ранішняя зорка-2015», удзельніцы вакальнай групы «Мерыдыян» РЦДіМ.
У прывітальнай прамове да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна адзначыла, што свята Перамогі, якому прысвечаны фестываль-2015, заўсёды знаходзіць шчыры водгук у сэрцах людзей. Час змяняе многае, але нязменным застаецца пачуццё патрыятызму. У выхаванні гэтага вялікага пачуцця ў маладога пакалення вялікі ўдзел прымаюць педагогі.

Песня заўсёды дапамагае чалавеку ў жыцці, дапамагала яна і ўдзельнікам вайны ў тыя далёкія гады. Многія песні ваенных гадоў разам з людзьмі больш сталага ўзросту падцягвае і моладзь.
Зоя Сцяпанаўна падзякавала педагогам за актыўны ўдзел у фестывалі, адзначыла, што падрыхтоўка да яго згуртоўвае калектывы, выказала ўпэўненасць, што выступленні ўдзельнікаў конкурсу могуць упрыгожыць любое мерапрыемства. Зоя Фаміна выказала таксама падзяку раённаму камітэту прафсаюза работнікаў адукацыі і пярвічным прафсаюзным арганізацыям за падрыхтоўку песеннага форуму настаўнікаў…
І вось пастаянныя вядучыя фестывалю Ілона Любачка і Аляксандр Кацар пачалі аб’яўляць канкурсантаў. Трэба аддаць належнае ўсім без выключэння ўдзельнікам — кожны нумар быў падрыхтаваны дастойна, артысты імкнуліся адпавядаць высокай планцы раённага фэсту.
Адкрыла конкурсную праграму прадстаўніца ясляў-сада №2 г.Сянно Алена Стрыжнёва песняй «Няпрошаная вайна».
Вакальная група «Полымя» з Беліцкай школы акунула залу ў атмасферу жорсткага бою «Ля вёскі Крукава».
Пад дружныя апладысменты пакідаў сцэну хор Багушэўскай СШ №2 пасля выканання неўміручай «Кацюшы».
Пра тое, як працягвалі чакаць салдат, якія не вярнуліся з вайны, іх маці і жонкі, гледачам распавёў дуэт з Багданаўскай школы ў складзе Святланы Латышавай і Юліі Шман, выканаўшы песню з рэпертуару Ірыны Дарафеевай «Чацвяргі ды пятніцы».
Авацыямі завяршылася вясёлая, заўзятая «Плясавая» ў выкананні даўно знаёмай сенненскаму гледачу вакальнай групы «Дыскатэка 80-х» Студзёнкаўскай ДССШ.
Са слязамі на вачах слухала зала прадстаўніцу Ходцаўскай школы Таццяну Самарыну, якая выканала добра вядомую і ў наш час «Баладу пра маці». Пра нялёгкі лёс маці спявала і дэбютантка фестывалю з Беліцкай школы Валянціна Бельская.
Песня «Нам патрэбна адна перамога», з якой выступіла пастаянная ўдзельніца конкурсу, настаўніца СШ №2 г.Сянно Вольга Красноўская, упершыню прагучала ў кінафільме «Беларускі вакзал». Сярод твораў пра вайну гэтай песні, якую напісаў Булат Акуджава, няма роўных па прастаце і напружанасці. З хваляваннем успрымаецца яна і ў наш час.
Другое аддзяленне конкурснай праграмы фестывалю пачалося з выступлення вакальнай групы «Сяброўкі» з Яноўскай школы, якая прадставіла песню Леаніда Захлеўнага «Зямля мая».
Удзельнікі вакальнай групы «Звончыкі», якія ў свой час пакарылі фестывальную публіку песнямі «Трактарысты» і «Аграгарадок», на гэты раз ўдала прапанавалі гледачу песню з рэпертуару ансамбля «Бяседа» «Гармонік грае».
4+Сапраўдным рамантыкам зарэкамендаваў сябе на фестывальнай сцэне Сяргей Гаспаровіч, прадстаўнік Багушэўскага дзіцячага сада. Два гады назад ён прызнаваўся ў сваім выступленні ў каханні «Галіне», летась дарыў усім жанчынам у глядзельнай зале «Рамонкі белыя». А сёлета паплыў за сваім каханнем на «Караблях», выканаўшы песню з рэпертуару Дзмітрыя Калдуна.
Вельмі ўдала выступіў са шлягерам 80-х, песняй групы «Зямляне» «Трава ля дома», Сяргей Сяргееў з Какоўчынскай СШ.
Завяршыла конкурс песняй «Аднакласнікі» ветэран педагагічнай працы Ларыса Крысанава.
На жаль, абмежаваная газетная плошча не дазваляе расказаць пра ўсіх удзельнікаў фестывалю, хаця кожны калектыў і саліст выступіў дастойна. І журы прыйшлося вельмі пільна весці падлік балаў, каб вызначыць лепшых. Што ж конкурс, ёсць конкурс…
Усе з нецярпеннем чакалі аб’яўлення вынікаў, якія агучыў старшыня журы Іван Смірноў. У першай намінацыі сярод салістаў першае месца падзялілі Валянціна Бельская і Вольга Суднік (дзіцячы сад №1 г.Сянно). У катэгорыі «Дуэты, трыа, вакальныя групы» таксама вызначыліся два першыя месцы. Тут лепшымі былі прызнаны дуэт з Багушэўскай СШ №2 у складзе Алены Грачыха і Аляксандра Вішнякова і вакальная група ветэранаў педагагічнай працы «Аптымісты».
У другой намінацыі фестывалю сярод дуэтаў, трыа і вакальных груп першае месца дасталася вакальнай групе «Натхненне» з СШ №2 г.Сянно. А сярод салістаў аднолькавую колькасць балаў набралі тры лепшыя выканаўцы. Таму былі вызначаны тры першыя месцы. Іх занялі Сяргей Сяргееў, Галіна Луцыковіч (Студзёнкаўская ДССШ) і Алена Грачыха. З харавых калектываў лепшым стаў хор СШ №2 г.п.Багушэўска.
Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Вользе Красноўскай. Лепшым мультымедыйным паказам прызнана суправаджэнне выступлення Таццяны Самарынай.
На ІХ фестывалі «Песня застаецца з чалавекам» была заснавана новая ўзнагарода — прыз старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў. Яго з рук Аляксандра Мацуганава атрымала Вольга Суднік.
Старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі Алена Дзергачова ўручыла прыз за масавасць і якасную падрыхтоўку конкурсных выступленняў. Уладальніцай гэтай узнагароды стала Багушэўская СШ №2.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Аніськовіч падзякавала педагогам за ўдзел у фестывалі, а кіраўнікам устаноў адукацыі — за дапамогу і падтрымку. Асобыя словы ўдзячнасці былі выказаны дырэктарам школ і загадчыкам дзіцячых устаноў, якія выходзілі на конкурсную сцэну разам са сваімі падначаленымі.
Завяршыўся фестываль на мажорнай ноце, добрымі словамі пажаданняў, спадзяванняў на новую сустрэчу праз год і новыя перамогі.
Таццяна БУРАКОВА.
На здымках: у час фестывалю.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *