АДЗНАЧАЕ ДВА ПРАФЕСІЙНЫХ СВЯТЫ

IMG_0031+Муляр 5-га разраду рамонтна-будаўнічага ўчастка Сенненскага УП ЖКГ Сяргей Латышаў валодае некалькімі будаўнічымі спецыяльнасцямі, можа і дах накрыць, і плітку пакласці.

А ў пачатку працоўнага шляху была ў яго іншая прафесія, зусім не звязаная з будаўніцтвам.
Скончыўшы першую сенненскую школу, паступіў Сяргей у Аршанскае ПТВ-122 металістаў і стаў слесарам-рамонтнікам металарэжучых станкоў. На той час гэта была вельмі прэстыжная (ды і грашовая) спецыяльнасць. Маючы яе, можна было разлічваць на работу ў вялікім горадзе. Сяргей Латышаў уладкаваўся на Мінскі маторны завод.
Потым была тэрміновая служба ў арміі, для Сяргея Леанідавіча — служба (а дакладней вайна) у Афганістане. Як і ўсе, хто прайшоў праз гэта пекла, ён не шматслоўна расказвае пра тое, што перажыў. Спачатку служыў у г.Горкім, у рамонтным батальёне танкавай дывізіі. У студзені 1980 сфарміравалі зборны полк і адправілі ў Афганістан. Гэта былі першыя савецкія войскі, якія ўступілі ў чужую вайну. Паўтара гады, да самага «дэмбеля», ваяваў вадзіцель БТРа Сяргей Латышаў.
Удалося выжыць. Але пасля перажытага хацелася толькі дадому. Таму на ранейшае месца работы не вярнуўся. Застаўся ў родным горадзе. Нейкі час працаваў вадзіцелем у аддзеле адукацыі райвыканкама. У 1982 годзе прыйшоў у ПМК-10, прама на будаўнічай пляцоўцы авалодаў прафесіяй муляра.
Будаваў жылыя дамы ў ВЭГу, райцэнтры, сельскагаспадарчыя і іншыя аб’екты. Цяпер ужо і не ўспомніць усё ўзведзенае ім. А калі сабраць граматы, якімі быў узнагароджаны Сяргей Леанідавіч за добрасумленную працу, атрымаецца ўнушальны стос.
Аднак не дзеля ўзнагарод шчыруе будаўнік. Можа фраза і гучыць банальна, але гэта на самой справе так. «Мне падабаецца бачыць вынікі сваёй працы, старацца для людзей, якія ўспомняць добрым словам, рабіць важную справу, бо жыллё для чалавека — гэта вельмі важна. Нездарма ж людзі кажуць, мой дом — мая крэпасць», — гаворыць Сяргей Леанідавіч.
Калі ПМК далучылі да прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, вопытны будаўнік не пайшоў шукаць чагосьці іншага. Застаўся ў арганізацыі, дзе таксама спатрэбіліся яго ўменні і веды, і разлічвае дапрацаваць тут да выхаду на пенсію.
Сёння Сяргей Латышаў заняты на будаўніцтве бойні свінагадоўчага копмлексу саўгаса імя Машэрава. Брыгада, у складзе якой ён працуе, займаецца ўзвядзеннем даху будынка.
Поспехаў вам, Сяргей Леанідавіч, і з прафесійным святам. А іх у Латышава цяпер два — Дзень будаўніка і Дзень работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Таццяна Буракова.
На здымку: муляр 5-га разраду рамонтна-будаўнічага ўчастка УП ЖКГ Сяргей Латышаў.
Фота аўтара.