МУЖЧЫНЫ-КІРОЎЦЫ АТРЫМАЛІ ПАДАРУНКІ АД ДАІ

2+Незвычайную акцыю, прымеркаваную да Дня абаронцы Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі, зладзілі напярэдадні 23 лютага супрацоўнікі аддзялення дзяржаўтаінспекцыі аддзела ўнутраных спраў Сенненскага райвыканкама.

Спыненых на цэнтральнай плошчы Сянна мужчын-кіроўцаў інспектар дарожна-патрульнай службы Андрэй Булыня і старшы інспектар групы кадраў РАУС Наталля Фарэйтарава пасля праверкі дакументаў адорвалі самымі цёплымі пажаданнямі і адначасова нагадвалі ім аб неабходнасці захоўваць Правілы дарожнага руху.
Толькі словамі віншаванняў у ДАІ не абмежаваліся. У якасці памятных сувеніраў уладальнікі транспартных сродкаў атрымалі з рук Наталлі Фарэйтаравай святлоадлюстроўваючыя элементы. А бацькам, у транспартных сродках якіх перавозілася ў спецыяльным крэсле дзіця, уручылі яшчэ і салодкія падарункі.
Мяркуючы па рэакцыі мужчын, акцыя ім спадабалася. Усе дзесяць кіроўцаў, якім пашчасціла ў той перадсвяточны дзень быць спыненымі, не хавалі здзіўленне і радасць.
Яны дзякавалі людзям у форме, прапаноўвалі праводзіць такія мерапрыемствы часцей і, галоўнае, абяцалі быць дысцыплінаванымі на дарозе.
Варта адзначыць, што падобныя святочныя акцыі на Сенненшчыне сталі традыцыяй. На думку супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, гэта добрая магчымасць не толькі падарыць пазітыўны настрой удзельнікам дарожнага руху, але і ў чарговы раз нагадаць ім пра асноўныя правілы бяспечных паводзін на дарозе.
Ірына ХАСАНАВА.

Фота аўтара.