НАС ЗГУРТАВАЛА СПАРТАКІЯДА

1+На Сенненшчыне прайшла першая зімовая спартакіяда сярод сельскай працоўнай моладзі, прымеркаваная да Году моладзі. Пляцоўкай для спаборніцтваў стаў стадыён сярэдняй школы №2 гарпасёлка Багушэўск.

Арганізатарам мерапрыемства выступіў раённы камітэт ГА «БРСМ». Падтрымку ў правядзенні мерапрыемства аказалі таксама кіраўніцтва і прафкамы арганізацый, дзе працуюць удзельнікі спаборніцтваў, Багушэўскі сельскі Савет.
Для хлопцаў і дзяўчат удзел у спартакіядзе стаў добрай магчымасцю не толькі актыўна і весела правесці вольны час, але і пазнаёміцца са сваімі равеснікамі з усяго раёна.
Дзевяць каманд прадстаўлялі розныя прадпрыемствы і ўстановы Сенненшчыны, сярод іх Багушэўскі спіртзавод, ААТ
«Бяленева»,
СУП «Саўгас імя Машэрава», КУСГП імя Гараўца, Багушэўская санаторная школа-інтэрнат і СШ №2 гарпасёлка, ДЛГУ «Багушэўскі лясгас», КУПБА «Прэстыж». Яноўская і Какоўчынская ўстановы адукацыі падрыхтавалі зборную з ліку настаўнікаў.
4+З прывітальным словам да іх звярнулася першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Марына Наваковіч. Яна ж пазнаёміла моладзь з правіламі спаборніцтваў.
На працягу дня хлопцы і дзяўчаты з запалам гулялі ў знаёмае з дзяцінства выбівала,
спаборнічалі ў эстафеце з мячом, дартсе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, збівалі кеглі, мераліся сіламі ў перацягванні каната. Надоўга запомніцца маладым людзям і ўдзел у лазертаге. Гэтую папулярную камандную гульню для сенненскай моладзі арганізавалі прадстаўнікі Віцебскага ваенна-спартыўнага клуба «Colt».
У перапынках спартсмены-аматары і балельшчыкі маглі сагрэцца бясплатным кубачкам духмянай гарбаты. Гарачымі напоямі прысутных забяспечылі члены пярвічнай арганізацыі ГА «Белая Русь» Багушэўскай СШ №2.
3+Вынікі спаборніцтваў былі падведзены ўжо ў мясцовым бары, дзе стомленых фізічна, але маральна задаволеных удзельнікаў спартакіяды чакала цырымонія ўзнагароджання. Пасля доўгіх падлікаў перамогу ў першай
зімовай спартакіядзе сярод сельскай працоўнай моладзі прысудзілі камандзе Багушэўскага спіртзавода. 2-ое месца заваявалі хлопцы і дзяўчаты з ААТ «Бяленева». «Бронзу» ўзялі маладыя настаўнікі з Багушэўскай другой школы.
Сапраўдным падарункам для ўсёй моладзі стала танцавальна-забаўляльная праграма.
Можна з упэўненасцю казаць, што спартакіяда дасягнула сваёй галоўнай мэты. Маладыя педагогі і механізатары, леснікі, швачкі і
аграномы за некалькі гадзін змаглі не толькі пазнаёміцца, але і пасябраваць адзін з адным. А арганізатары атрымалі прапанову часцей праводзіць падобныя мерапрыемствы.
Ірына ХАСАНАВА.

Фота аўтара.