Яе вёска — яе жыццё

2+Дарога мімаволі прымушала задумацца і спланаваць будучую размову з чалавекам, з якім дамовілася аб сустрэчы. Аднак, прыехаўшы да месца прызначэння, у вёску Заветнае Багушэўскага сельсавета, зразумела, што планы прыйдзецца крыху змяніць.

З дзвярэй патрэбнага дома, чуліся гукі гармоніка і жаночыя спевы… Па-гасціннаму мяне сустрэў гаспадар і запрасіў праходзіць у хату. Прысеўшы на ложак, адчула сябе быццам на канцэрце: артысткі без перапынку зацягнулі “Адзінокую галінку бэзу”. Скончыўшы спяваць, з маёй сённяшняй гераіняй нарэшце ўвачавідкі пазнаёмілася. Мая субяседніца — старэйшына вёскі Заветнае.
Кажуць, старэйшына — вочы і вушы сельвыканкама. Ён павінен быць прыкладам і ініцыятарам на вёсцы ў справе добраўпарадкавання. Усё гэта можна ў поўнай меры аднесці да Ганны Януковай. З дапамогай мясцовай улады яна арганізуе абкоску травы ля дарогі вёсачкі, падсыпку яе пяском, суботнікі, вырашае жыллёвыя пытанні аднавяскоўцаў, ганяе аматараў “зялёнага змія” (Аўт. — з усмешкай расказвала мая гераіня). Са збору грошай з мясцовага самаабкладання набылі смеццевыя кантэйнеры ў вёску, якія ў хуткім часе ўсталявалі для выкарыстання. Дом старэйшыны знаходзіцца пасярэдзіне Заветнага, на скрыжаванні дарог. Там, заўсёды збіраюцца людзі чакаць аўталаўку. І каб было дзе яе чакаць (пасядзець, схавацца ад дажджу ці спякотнага сонца) Ганна Уладзіміраўна дабілася ад улады альтанкі, якую праз некаторы час пабудавалі.
“Мая веска — вялікая, акуратная, прыгожая, яна стала маім жыццём”, — з любоўю працягвае размову старэйшына Янукова. Больш шасці дзясяткаў дамоў налічвае гэты населены пункт. Палову з іх складаюць дачныя — вельмі ж вабіць гэта месца гараджан! І насамрэч, побач возера і лес — усе выгоды для чалавечай душы і адпачынку. Заветнае нагадвае саюз старога і новага часу: звычайныя вясковыя хаты мяжуюць з сучаснымі двухпавярховымі катэджамі. Дагледжаныя дамы, некалькі з іх маюць статус “Дом узорнага парадку”, абгароджаныя плотам, упрыгожаныя малымі архітэктурнымі формамі. Улетку, па словах Ганны Уладзіміраўны, вёска расквітае, палае ад яркіх фарбаў кветак, якія вырошчвае тут кожны вясковец і дачнік.
Ганна Янукова займаецца і мастацкай самадзейнасцю. Нездарма яшчэ ў пачатку я пісала пра песні пад гармонік. Са сваёй сяброўкай Надзеяй Лядновіч, загадчыцай Рыбненскага сельскага клуба, і акампаніятарам Аляксандрам Шумаровым вось ужо некалькі гадоў, пасля выхаду на пенсію, крочаць разам, выконваючы сваю канцэртную праграму на розных мерапрыемствах раёна. І ў час майго прыезду Надзея Лядновіч і Аляксандр Шумароў віншавалі сужэнцаў Януковых з 45-гадовым юбілеем сумеснага жыцця. Час ад часу дапамагаюць артыстам з Заветнага знаёмыя з віцебскай “Вечарыны”. Мастацкая самадзейнасць Януковай і Лядновіч пачалася з тых часоў, як узначальваў Багушэўскі сельвыканкам Максім Рабцаў. Тады ён і дапамог жанчынам больш развіць культурнае жыццё ў багушэўскіх вёсках. Увогуле, за час нашай размовы Ганна Уладзіміраўна некалькі разоў добрым словам успамінала свайго былога старшыню, іх сумесныя справы. “Гэта не пенсіянеркі, гэта мае дзяўчаты”, — успамінала яго словы жанчына.
Не мінуе ўвагай “дзяўчат” і цяперашні старшыня Багушэўскага сельвыканкама Вячаслаў Багданаў. У ліпені гэтага года ў Заветным прайшло свята вёскі, арганізатарам у большасці вызначылася старэйшына Янукова. Былі запрошаны не толькі тыя, хто там жыве. Прыехалі дзеці і ўнукі з розных гарадоў, нават, і краін. Справілі цудоўнае свята. З песнямі, выставамі мясцовых майстроў. Заветнае гудзела. З рук В.Багданава было ўручана некалькі грамат жыхарам вёскі. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сельсавета, падтрыманне ўзорнага парадку і добраўпарадкаванне в.Заветнае Ганну Янукову ў першую чаргу ўзнагародзілі ганаровай граматай.
Жыццё гэтай жанчыны з’яўляецца прыкладам для пераймання іншым. Ад яе ззяе шчырасцю і дабрынёй. Яна “хварэе” за ўсё, што закранае Заветнае, перажывае за яго жыхароў. Гэта баявая жанчына зробіць усё, каб дабіцца патрэбных вынікаў. Настойлівая і гасцінная, руплівая і клапатлівая яна заслугоўвае павагі.
Як кажуць людзі, пакуль жыве старэйшына — жыве і вёска. У нашым выпадку гэта менавіта так, бо толькі з такім вясковым кіраўніком у Заветным будзе парадак.
Ірына ХАСАНАВА.
НА ЗДЫМКУ: Ганна Янукова.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *