З Сінаяў у Рупольдынг

1Эстафетная гонка на этапе Кубка свету ў Рупольдынгу (Германія) беларускім біятланісткам прынесла серабро. За каманду выступала Ірына Крыўко, ураджэнка Сянна.
Падзея не засталася незаўважанай на радзіме спартсменкі. Землякі актыўна абмяркоўвалі яе поспех, віншавалі маці, якая працуе ў дзіцячым садзе-яслях № 3 г. Сянно. Рашэннем райвыканкама Людміле Браніславаўне аб’яўлена падзяка за выхаванне дачкі (на здымку).

Шлях у прафесійны спорт Ірына Крыўко пачынала ў мясцовай спартыўнай школе разам з братам Віктарам, які сёлета ў 19-гадовым узросце таксама дэбютаваў у складзе мужчынскай Нацыянальнай зборнай, рыхтуецца да выступлення на юніёрскім чэмпіянаце свету па біятлоне, што ў лютым пройдзе ў Раўбічах.
— Займацца біятлонам Ірына пачала з 12 гадоў, Віктар — з васьмі — успамінае Людміла Браніславаўна. — Віктар праз некаторы час паспрабаваў сябе ў грэка-рымскай барацьбе, але хутка вярнуўся да свайго першага трэнера Валерыя Лектарава. Ірына таксама займалася ў яго.
Для сенненскай біятлоннай школы поспех Ірыны Крыўко — заканамерны вынік. Пачынаючы з 1974 года, калі пачало працаваць аддзяленне біятлону, дзясяткі юных сенненцаў кожны год накіроўваліся ўдасканальваць спартыўнае майстэрства ў Віцебск, Наваполацк, Мінск. Былі і высокія дасягненні. У свой час Пётр Івашка ў складзе каманды тройчы станавіўся пераможцай у эстафетнай гонцы на чэмпіянатах Свету па біятлоне. Ёсць каму падтрымаць добрыя спартыўныя дасягненні і зараз. Мінулагодняй восенню ў цэнтр алімпійскага рэзерву накіравана 16 выпускнікоў Сенненскай СДЮШАР, 2 — у вучылішча. Чатыры трэнеры, якія працуюць у спартыўнай школе, трэніруюць каля сотні дзяцей: у Сянне, большасці аграгарадкоў раёна.

Валерый Лектараў

Валерый Лектараў

Паляпшаецца, умацоўваецца матэрыяльная база аддзялення біятлона. У Парку 40-годдзя Перамогі, на Сінаях, як неафіцыйна завуць гэтае месца сенненцы, для заняткаў біятлонам прырода стварыла ідэальныя ўмовы. Намаганнямі людзей некалькі гадоў таму назад з’явілася стрэльбішча. А восенню яго абуладкаванне завяршылі.
— За некалькі месяцаў пры падтрымцы мясцовай улады, у першую чаргу старшыні райвыканкама Васіля Чарадніка, удалося зрабіць больш чым за папярэднія пяць гадоў, — расказаў Валерый Лектараў. Засталося замяніць устаноўкі для стральбы. Поспехі Ірыны і Віктара, упэўнены Валерый Лектараў, дапамогуць зрабіць гэта ў бліжэйшы час.
Зараз асноўныя будаўнічыя работы перамясціліся на будынак, які не так даўно спартыўнай школе перадало райспажыўтаварыства. На сродкі з раённага бюджэта вядзецца яго рэканструкцыя. Пасля завяршэння работ умовы для працы трэнераў і заняткаў дзяцей палепшацца кардынальна. З’явяцца належныя памяшканні для захавання спартыўнага інвентару, цір, душавыя, сауна.
І ўсё ж у спорце, як і ў жыцці, многае залежыць ад чалавека. Людміла Браніславаўна і Валерый Міхайлавіч у адзін голас гаварылі, што ні Ірына, ні Віктар не валодаюць фенаменальнымі фізічнымі данымі. Іх дасягненні сталі вынікам напружанай, мэтанакіраванай працы. Дадамо — падтрыманай маці і трэнерам.

Аляксандр ЛАЗЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *