У НАВАГОДНЮЮ НОЧ — НА РАБОЦЕ

OLYMPUS DIGITAL CAMERAТакі рабочы графік для Аляксандра Зенькіна, які працуе загадчыкам базы мінеральных угнаенняў ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», з’яўляецца ледзь не нормай. А таму пра яго з павагай адзываецца не толькі кіраўніцтва акцыянернага таварыства. Адказныя адносіны да працы, скрупулёзнасць у афармленні дакументаў, справаздач стварылі яму аўтарытэт у спецыялістаў усёй агранамічнай службы раёна.

Праз базу мінеральныя ўгнаенні паступаюць фактычна ва ўсе сельгас­арганізацыі. І не толькі паступаюць. Значная част­ка ўгнаенняў, бывае, знаходзіцца тут на захаванні працяглы час.

— Такімі нашымі паслугамі карыстаюцца звычайна тыя сельгасарганізацыі, якія не маюць складоў для захавання мінеральных угнаенняў, — тлумачыць Аляксандр Іванавіч. — Пакласці ў прыстасаваныя памяшканні, значыць рызыкаваць якасцю ўгнаенняў, будучым ураджаем.

Захаванне мінеральных угнаенняў, якія ў значнай ступені набываюць за бюджэтныя сродкі, жорстка кантралюецца рознымі службамі. Вось і летась на базе былі прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю. Але нейкіх сур’ёзных прэтэнзій да работы калектыва, умоў захавання, афармлення дакументаў не прад’явілі.

Жорсткія патрабаванні выстаўляе чыгунка. Паставілі вагон  пад разгрузку — праз 2 гадзіны 15 хвілін ён павінен быць выгружаны. За кожную хвіліну прастою даводзіцца плаціць штраф. А таму Аляксандр Зенькін і яго каманда нярэдка працуюць у выхадныя дні, не раз сустракалі святы, у тым ліку Новы год, з лапатамі ў руках, разгружаючы вагоны.

За шуфель бярэцца і сам Аляксандр: «Пры гэтым трэба трымаць пад кантролем усіх людзей: сачыць, каб не сталі адзначаць свята на рабочым месцы, каб не парушалі тэхніку бяспекі.» Праца на базе мінеральных угнаенняў — гэта яшчэ і работа ў шкодных умовах.

На кіраўніку  базы   ляжаць не толькі кіраўніча-распарадчыя функцыі. Афармленне дакументаў і, нават, размеркаванне грузаў таксама ўваходзіць у яго абавязкі. А яшчэ — справаздачы: па відах угнаенняў, фінансах.

З усёй гэтай розна­планавай работай Аляксандр Зенькін паспяхова спраўляецца. «У многім, дзякуючы людзям, што працуюць побач са мной», — сціпла дадае ён.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 

 На здымку: Аляксандр Зенькін

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *