Каб не стаць ахвярамі вады

_1_~1 Ледаставу з нецярпеннем чакаюць рыбакі, а таксама юныя аматары зімовых гульняў. Між тым, пакуль лёд не дасягнуў таўшчыні ў 7 см, ступаць на яго катэгарычна забараняецца. Пра асноўныя правілы бяспечных паводзін на лёдзе расказвае старшыня  Сенненскай раённай арга­нізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Уладзімір Станкевіч.

—  Няшчасныя выпадкі з дзецьмі і дарослымі на вадзе здараюцца як летам, у купальны сезон, так і ў час ледаставу. З пачатку года ў вобласці патанулі 116 чалавек, з іх — 5 дзяцей. На Сенненшчыне ахвярамі вады сталі чатыры чалавекі. Прычым усе тапельцы знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Толькі дзякуючы аператыўнасці супрацоўнікаў паста АСВОДа і матросаў-выратавальнікаў сёлета давялося пазбегнуць яшчэ адной трагедыі: летам у зоне адпачынку на Сенненскім возеры была выратавана жанчына. Іншы раз дапамогу нам аказвалі прадстаўнікі РАУС і пракуратуры раёна.

— Што параіце тым, хто любіць бавіць час на вадаёмах?

— Самае простае — увогуле не рызыкаваць, бо напачатку зімы лёд вельмі нетрывалы. Перш чым рухацца па ім, пераканайцеся ў яго надзейнасці. Зрабіць гэта можна любым цвёрдым прадметам, напрыклад  драўляным калом, але ні ў якім разе нагой. Калі на лёдзе знаходзіцца некалькі чалавек, лепш рухацца адзін за адным на адлегласці не менш 5-6 метраў.

У час падлёднай рыбалкі не бурыце шмат лунак на блізкай адлегласці. Кожнаму рыбалову рэкамендавана мець пры сабе выратавальную камізэльку і лінь (вяроўку даўжынёй 15-20 см з пятлёй на адным канцы і грузам да паўкілаграма на другім).

— Як карыстацца гэтымі прыстасаваннямі?

— Пры надзвычайным здарэнні варта дзейнічаць хутка і рашуча: кінуць у напрамку берага замацаваны на поясе лінь, шырока раскінуць рукі і без рэзкіх рухаў старацца выбрацца на цвёрды лёд. Для гэтага, раўнамерна працуючы нагамі, займіце гарызантальнае становішча і, падцягваючыся, кладзіцеся жыватом ці спінай на лёд. Лежачы набліжайцеся да берага. У такой сітуацыі дапамогуць таксама нож ці іншыя вострыя прадметы. Чапляючыся імі за лёд, можна падцягвацца і такім чынам перасоўвацца па ім. У любым выпадку пры сабе трэба мець прасцейшыя сродкі выратавання: дошкі, жэрдкі, лесвіцы, вяроўкі і г.д.

— Як дапамагчы таму, хто праваліўся пад лёд?

— У першую чаргу неабходна звярнуцца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях па нумары 101. Набліжацца да пацярпелага варта паўзком, пажадана абапіраючыся на прадметы, што павялічваюць плошчу апоры. Калі выратавальнікаў некалькі, то лепш утварыць ланцужок, утрымліваючы адзін аднаго за ногі. Нельга набліжацца да ўмёрзлых прадметаў, месцаў з хуткай плынню, упадання ў вадаём ручаёў, рэк, сцёкавай вады.

На лёд лепш не выходзіць аднаму. Калі ўсё ж аказаліся на тонкім лёдзе, які патрэсквае, асцярожна,  слізгаючымі крокамі, вяртайцеся да берага.

Напрыканцы дадам, што бацькам неабходна пастаянна напамінаць сваім дзецям пра небяспеку, якую тояць замёрзлыя вадаёмы.

Гутарыла Ірына ХАСАНАВА.