Цэны фарміравала канкурэнцыя

OLYMPUS DIGITAL CAMERA Увосень не толькі работ восем. У аграрнікаў, асабліва тых, што займаюцца вырошчваннем гародніны, галава баліць, куды яе збыць. З іншага боку, сёння нават вяскоўцы не ўсе вырошчваюць бульбу, капусту, моркву, а значыць гатовы яе купляць. Вось і вырашылі арганізатары кірмашу — аддзел эканомікі і ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама — аб’яднаць інтарэсы вытворцаў і спажыўцоў, наладзіць серыю кірмашоў у райцэнтры, Багушэўску, аграгарадках. Першы з іх, самы масавы, у мінулую суботу прайшоў у Сянне. Удзел у ім прынялі 26 суб’ектаў гаспадарання, у тым ліку 7 — з Віцебска.

Вытворцы сельгас­прадукцыі, грамадскія арганізацыі, фермеры прадавалі па даступных цэнах зерне, гародніну. Прадукцыя карысталася попытам не толькі ў сенненцаў. Работнікі гандлю з абласнога цэнтра таксама яе куплялі. Ну дзе ў Віцебску можна купіць бульбу па 2500 рублёў за кілаграм? Была прадукцыя і даражэйшая — да 4000. Але такая высокая цана трымалася толькі з раніцы. Хто не гнаўся за супербарышамі, рэалізаваў сваю прадукцыю хутка. Высокая канкурэнцыя заўжды на карысць пакуп­ніку.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA     Шмат прадавалася насеннай прадукцыі, рознага пасадачнага матэрыялу для аздаблення тэрыторыі, са­джанцаў пладовых дрэў. У гэтым сегменце рынку пераважалі фермерскія гаспадаркі. Фірменная прадукцыя грамадскіх сельгасарганізацый — зерне. Але не толькі. ААТ «Ульянавічы» мела ў асартыменце ўсю раслінаводчую прадукцыю. За што арганізатары кірмашу  і адзначылі акцыянернае таварыства. Шырокі выбар прапаноўвала УП «Дружбінец». Многія тавары, напрыклад цялушак, жарабят, арганічныя ўгнаенні, можна было заказаць з дастаўкай на дом. Па прымальных  цэнах прадаваўся рапсавы мёд. Гандлёвыя рады саўгаса імя Машэрава, райаграсэрвіса вызначаліся багатым выбарам  мясных вырабаў, чарга стаяла за прадукцыяй ААТ «Віцебскі мясакамбінат».

Кожны сельсавет быў прадстаўлены падворкам. Пры падвядзенні вынікаў арганізатары кірмашу ўлічвалі не толькі іх напоўненасць таварамі. У разлік бралася аздабленне, культурнае суправаджэнне, арыгінальнасць тавараў, паслуг, што прапаноўваліся пакупніку. Машчонская школа здзівіла юшкай і блінамі, якія гатаваліся на незвычайнай печцы — сухой сасновай калодзе, апрацаванай так, што агонь распалілі ўнутры яе.  Тэрмін эксплуатацыі прыстасавання — 6 — 8 гадзін. Такая «буржуйка» незаменная ў паходзе, на пікніку выхаднога дня. Вынаходнікі печкі гатовы прадаваць свой тавар не толькі ў час кірмашу.

На кірмаш ішлі, каб купіць неабходную прадукцыю, а яшчэ адпачыць. На цэнтральнай плошчы райцэнтра раскінулі свае па­вільёны прадпрыемствы грамадскага харчавання райспажыўтаварыства, працавалі дзіцячыя атракцыёны. Адпачынку садзейнічала і надвор’е, не па-асенняму цёплае і сонечнае.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA      Леанід Хірэвіч, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу, падзякаваў ўсіх за ўдзел у кірмашы , у тым ліку работнікаў культуры, якія назаўтра святкавалі сваё прафесійнае свята. І запрасіў на новыя кірмашы, абяцаючы не менш шырокі выбар прадукцыі.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.