Сабака бывае куслівым…

выгул1Іду па тратуары… І раптам чую — за маёй спінай нехта цяжка і часта дыхае. Праз секунду бакавым зрокам заўважаю, як цёмная істота тыркнулася ў маю сумку. Азірнуўшыся, слупянею,  каля мяне —  велізарная нямецкая аўчарка… За сабакам (метраў за 50) бяжыць малады чалавек, мабыць, гаспадар. «Не бойцеся! Яна не кусаецца!» — крычыць ён. Баяцца сапраўды давялося не мне. Непадалёк жанчына вяла на павадку(!) маленькага пекінэса. Вось на яго і неслася аўчарка. Крыкі гаспадыні, яе спробы закрыць сабой гадаванца запал «немца» не астудзілі. Толькі гаспадар аўчаркі, калі нарэшце падбег, змог адцягнуць сабаку ў бок, надзеўшы папярэдне ашыйнік. Нашы гнеўныя каментарыі, вядома, адрасаваліся не сабаку, які кіруецца інстынктамі, а яго ўладальніку, які нясе адказнасць за паво­дзіны таго, каго прыручыў.

Знаходжанне сабак у месцах агульнага карыстання без адпаведнай экі­піроўкі — у ліку найбольш распаўсюджаных парушэнняў Правілаў утрымання хатніх жывёл у населеных пунктах. Начальнік участка добраўпарадкавання РУП ЖКГ Валерый Маклюк прыгадвае адзін выпадак: жанчына рэгулярна выгульвала чацвераногага сябра на прыдамавой тэрыторыі, на што паскардзіліся суседзі. Тады справа абмежавалася папярэджаннем. Больш падобных эксцэсаў, па словах прадстаўніка жылкамунгаса, не было.  Але, калі чалавек выгульвае свайго гадаванца па вуліцы без выкарыстання намордніка, павадка, хіба гэта не адміністрацыйнае парушэнне? Чаму яго не бачаць камунальнікі? Прычым назіраецца цікавая тэндэнцыя: які-небудзь кішэнны сабачка будзе бегчы на павадку, а вось вялізных псін гаспадары імкнуцца не абцяжарваць «аброццю» і трымаюць побач, маўляў, для абароны. Але дзе гарантыя таго, што абаронца не ператворыцца ў агрэсара? Пакуль рыхтавала публікацыю, наткнулася на навіну, змешчаную на вядучым беларускім інтэрнэт-партале: у Бабруйскім раёне ратвейлер адкусіў руку жанчыне. Ну не спадабалася хатняму і выхаванаму сабачку, як тая ўзмахнула рукой, калі апранала куртку.

Дарэчы, пра ратвейлераў… Яны адносяцца да так званых байцоўскіх сабак і ўваходзяць у пералік 40 патэнцыяльна-небяспечных парод. Набываць такіх сабак можна толькі пасля праходжання спецыяльнага навучання.

Згодна з правіламі ўтрымання, хатнія каты і сабакі падлягаюць абавязковай рэгістрацыі ў РУП ЖКГ і сельскіх выканаўчых камітэтах. Пры гэтым выдаецца жэтон, які прымацоў­ваецца да ашыйніка. Сенненцы рэгістраваць сваіх улюбёнцаў не спяшаюцца. На сённяшні дзень на ўліку ў ЖКГ па Сянне знаходзіцца 3 сабакі і 7 кошак. Прычым іх уладальнікі звярнуліся ў жылкамунгас па ўласнай ініцыятыве. Астатнія ж аматары жывёл альбо не ведаюць пра гэта, альбо спрабуюць зэканоміць. Пасля рэгістрацыі ў жыроўцы з’явіцца графа — за ўтрыманне ката ці сабакі. Сума штомесячных выплат залежыць ад жывёлы і яе памеру: з мак­сімальнай вышынёй карка да 40 см — 0,1 БВ, 40-70 см — 0,2 БВ. 70 сантыметраў і больш, а таксама сабакі, якія адносяцца да патэнцыйна небяспечных, абыдуцца гаспадарам у 0,5 базавай велічыні. Збор не спаганяецца, напрыклад, з інвалідаў, для якіх утрыманне сабакі-павадыра — жыццёвая неабходнасць.

«У нашу кампетэнцыю не ўваходзіць хадзіць па дамах і выяўляць жывёл, — каментуе Валерый Маклюк, — рэгістраваць іх ці не вырашае ўладальнік».

Прадбачу пярэчанні сабакаводаў: грошы плаці, а дзе ўмовы для таго ж выгулу? Рашэннем Сенненскага раённага выканаўчага камітэта №1000 ад 4 снежня 2013 года вызначаны месцы выгулу хатніх сабак. У Сянне — гэта пустуючыя зямельныя ўчасткі ў раёне былога аэрадрома, вуліцы Перамогі; на тэрыторыі раёна — лясныя масівы, пустуючыя зямельныя ўчасткі. Безумоўна, нядрэнна было б т.зв. пляцоўкі абсталяваць не толькі інфармацыйнымі таблічкамі, але і агароджай, каб жывёлу можна было спусціць з павадка, не турбуючыся пры гэтым ні за чацвераногага сябра, ні за выпадковых мінакоў. Магчыма, грошы, сабраныя з уладальнікаў жывёл, як раз бы і пайшлі на яе ўстаноўку. А пакуль сабакаводы выгульваць сваіх любімцаў на прыдамавой тэрыторыі, што Правіламі забаронена, як зрэшты, і выгул на дзіцячых пляцоўках, каля школ і магазінаў.

Не ўвай­шоў пакуль у прак­тыку ў на­шых гра­ма­дзян і яшчэ адзін, звык­­лы для жыхароў кра­ін Заходняй Еўропы і ЗША, і прапісаны ў беларускім заканадаўстве абавязак, прыбіраць за сваімі гадаванцамі. Згодна з Правіламі, выходзячы на вуліцу з сабакам, яго ўладальнік абавязаны пры сабе мець поліэтыленавы пакет і савок для ўборкі жывёльных экскрэментаў.

Камунальнікі, спецыялісты санслужбы пастаянна інфармуюць насельніцтва аб Правілах утрымання дамашніх жывёл у населеных пунктах, у тым ліку праз раённую газету. Папярэ­джанні перыядычна друкуюцца ў жыроўках. Але іх выкананне знахо­дзіцца ў зоне адказнасці гаспадароў братоў нашых меншых.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 

 

         За парушэнне правілаў выгулу прадугледжаны штраф у памеры ад 1 да 15 базавых велічынь. Калі ваш чацвераногі гадаванец каго-небудзь пакусае, давядзецца заплаціць ад 10 да 30 базавых велічынь.