Сенненка награждена орденом Матери

014Нясмела,  дрыжачымі ад  хвалявання рукамі аператар машыннага даення ААТ «Студзёнка» Тамара Тамашэвіч трымае сваю ўзнагароду і чырвоную ордэнскую кніжку. Раз-пораз  яна падносіць да вільготных вачэй насавік, каб выцерці слёзы… Слёзы шчасця і ўдзячнасці.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №259 ад 2 чэрвеня 2014 года наша зямлячка ўзнагаро­джана ордэнам Маці. На днях з прыемнай місіяй — уручыць спадарыні Тамашэвіч   дзяржаўную адзнаку — у аграгарадок завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандр Паўлоўскі. З гэтай нагоды ў мясцовым сель­скім клубе арганізавалі святочнае мерапрыемства-ўшанаванне.

Цяжка паверыць, што стройная бландынка з’яўляецца маці шасцярых дзяцей! Ды што там! Тамара Тамашэвіч — ужо маладая бабуля. Старэйшая дачка Яна гадуе 10-месячнага сына. Падтрымаць маці-гераіню прыйшлі яе чатыры сыны і самая маленькая дачушка — чатырохгадовая Алінка. Шмат цёплых слоў пачула Тамара Мікалаеўна ў свой адрас. У тым ліку ад старшыні сельвыканкама Алега Барыткі, кіраўніка спраў сельскага Савета Святланы Хамянковай, намесніка дырэктара ААТ «Студзёнка» Алы Сазановіч.

Алег Пятровіч, які яшчэ нядаўна працаваў дырэктарам Алексініцкай школы, добра ведае гэтую сям’ю. І пра сваіх колішніх вучняў гаворыць  толькі станоўча. Двое з іх ужо абралі самастойны шлях. Яна працуе ў КУПБА «Прэстыж» цырульнікам. Старэйшы з сыноў Вадзім вучыцца ў Дубровенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Пасля заканчэння, спадзяюцца ў сям’і, ён вернецца дасведчаным спецыялістам у сельгас­прадпрыемства, дзе сёння рупіцца яго маці.

Ураджэнка Крыма Тамара Тамашэвіч у пачатку няпростых 90-х гадоў мінулага стагоддзя выбрала для жыцця больш ста­більную, у параўнанні з іншымі былымі савецкімі рэспублікамі, Беларусь. З 1993 года яна жыве ў Сенненскім раёне, з таго ж часу і па сённяшні дзень працуе ў ААТ «Студзёнка». Тут, на сенненскай зямлі, нарадзіліся ўсе яе шасцёра дзетак. Украінка па нацыянальнасці, яна ў поўнай меры адчувае сябе тутэйшай.  Летась сям’я Тамашэвіч нават абараняла гонар Сенненшчыны на абласным конкурсе «Уладар сяла» (перад гэтым атрымаўшы перамогу на раённым этапе), дзе заняла 5 месца.

Прадстаўнікі ўлады, землякі жадалі Тамары Тамашэвіч, каб яе мацярынскі подзвіг пераймалі дзеці. Кветкі і выступленні работнікаў Студзёнкаўскага сель­скага клуба сталі яшчэ адным прыемным падарункам для гераіні свята.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 На здымку: Т.Тамашэвіч з малодшай дачкой Алінай.

Сенненка награждена орденом Матери: 1 комментарий

  • Пятница, 18 июль, 2014 в 19:29
    Permalink

    Вот молодец, женщина и мать-героиня, одна родила и воспитала шестерых детей. Поздравления.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *