Прыехаць і застацца

P1210765 Значная частка маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць па размеркаванні ва ўстановы, на прадпрыемствы раёна, адпрацаваўшы ўстаноўлены тэрмін, пакідаюць Сенненшчыну. Застаюцца, як правіла, толькі ўраджэнцы раёна. Чаму так адбываецца? Што трэба зрабіць, каб і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў выбіралі для пастаяннага месцажыхарства Сенненшчыну?   

Адказы на гэтыя пытанні кіраўніцтва раёна вырашыла пашукаць пры непасрэдным кантакце з маладымі спецыялістамі. Адна з чатырох груп, створаных у раёне для вывучэння ўмоў работы і быту, замацавання і адаптацыі маладых спецыялістаў, на днях пабывала ў ААТ «Белая Ліпа» і СУП «Саўгас імя  Машэрава». Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Мяцеліца, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы Вольга Бозыр, першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Марына Наваковіч сустрэліся з маладымі настаўнікамі, спецыялістамі сельскай гаспадаркі, цікавіліся іх заработнай платай, арганізацыяй вольнага часу. Да размовы далучыліся кіраўнікі сельгасарганізацый. Не хавалі сваіх прэтэнзій хлопцы і дзяўчаты. У прыватнасці, маладых спецыялістаў ААТ «Белая Ліпа» не задавальняе заробак, саўгаса імя Машэрава — арганізацыя вольнага часу.

Усе прапановы і пажаданні маладых спецыялістаў узяты на кантроль. У той жа час прадстаўнікі ўлады адзначылі, што многае залежыць і ад саміх маладых людзей, іх ініцыятывы.

Па словах прадстаўнікоў абодвух бакоў, сустрэча насіла пазітыўны характар і была ўзаемакарыснай. У прыватнасці, ужо запланавана  паездка маладых спецыялістаў па вядомых месцах Сенненскага раёна.

Ірына ГАРБАЧОВА.

НА ЗДЫМКУ: выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Белая Ліпа» Васіль Кішковіч разам з маладымі спецыялістамі (злева направа) аграномам-насенняводам Дзмітрыем Бадзяковым, бухгалтарам Дар’яй Аўтушка і галоўным аграномам Арцёмам Васілёнкам.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *