Сенненские подростки сыграли в «Зарницу»

IMG_7027Праводзіць «Зарніцу» на Сенненшчыне штогод — гэта ўжо традыцыя. Сёлетняя, дзявятая па ліку, гульня была прысвечана 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захоп­нікаў. 

Вучні сярэдніх і базавых школ раёна сабраліся ў парку імя 40-годдзя Перамогі, каб высветліць, хто з іх спрытнейшы і мацнейшы. Спаборніцтвы пачаліся з агульнага пастраення каманд. Прывіталі ўдзельнікаў «Зарніцы» першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Марына Наваковіч і начальнік групы прызыву на вайсковую службу  раённага ваеннага камісарыяту Аляксандр Ахрамовіч.

«Зарніца» гартуе, дыс­цыплінуе падлеткаў, развівае пачуццё патрыятызму і любові да сваёй Радзімы. Таму галоўнымі мэтамі і задачамі гульні з’яўляюцца выхаванне маральна-валявых якасцей, праверка фізічнай падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі, набыццё неабходных навыкаў для бяспекі жыцця­дзейнасці, прыцягненне дзяцей да заняткаў спор­там.

Спаборніцтва складалася з некалькіх конкурсаў: строю і песні, марш-кідку, на якім трэба было правесці транспарціроўку пацярпелага, стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі, пераправу па бервяне, «мышалоўку», «купіны», кінуць гранату, фарсіраваць брод. Інтэлектуальны конкурс быў прысвечаны гісторыі Айчыны. Медыка-санітарная падрыхтоўка правяралася ў яшчэ адным конкурсе, творчыя здольнасці — у мастацкай самадзейнасці. Зарнічныя будні адлюстроўваліся ў баявых лістках.

Зладжанасць, высокі ўзровень фізічнай падрыхтаванасці, артыстызм дэманстравалі ўсе 15 каманд. Кожны конкурс назваў сваіх пераможцаў. У агульнакамандным залі­ку месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе — у каманды «Патрыёт» СШ №2 г.Сянно, другое — у «Спарты»  раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Ганаровае першае месца заваявалі выхаванцы Сенненскай школы-інтэрната, каманда «Легіён». Усе пераможцы і прызёры ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі і дыпломамі.

З кожным годам папулярнасць «Зарніцы» расце. А значыць у будучым годзе несумненна зноў прагучыць каманда: «На «Зарніцу» станавіся!»

Ірына ГАРБАЧОВА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *