Трэба планку ўзнімаць вышэй

У канцы жніўня ў Гродне прайшоў УІІІ  рэспубліканскі экалагічны форум. Эколагі краіны сустрэліся для таго, каб падвесці вынікі папярэдніх конкурсаў, што былі арганізаваны Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, вызначыць задачы на бліжэйшую  і больш аддаленую перспектыву, абмяняцца вопытам, паглядзець, што робіцца перадавымі прадпрыемствамі па ўкараненні экалагічных тэхналогій, якія даюць эфект не толькі для вытворчасці, але і для аховы навакольнага асяроддзя.

У прыватнасці, у Гродне паказалі будаўніцтва  гродзенскай ГЭС, дзе ўзведена ўжо частка плаціны. Таксама цiкавы вопыт горада Вороново. Па магутнасці гэта не вельмі вялікае збудаванне, але будзе даваць экалагічна чыстую электраэнергію без усялякіх там выкідаў, забруджваючых   паветра. Не будзе нейкіх іншых спадарожных забруджвальнікаў, што існуюць сёння, скажам, на Лукомльскай ГРЭС, дзе спальваецца мазута або газ, якія ўтвараюць вялікую колькасць  шкодных выкідаў у атмасферу.

У краіне Прэзідэнтам пастаўлена задача шырокага выкарыстання малой энергетыкі. І Гродзенская ГЭС —  адзін з аб’ектаў падобнага падыходу да вытворчасці электраэнергіі.

Затым паказалі прыклад арганізацыі агратурыстычнай работы гродзенскім мясакамбнатам, які ў вёсцы  Гара­дзец стварыў агратурыстычны комплекс  «Гарадзецкі». Расказваць пра аб’ект вельмі складана, бо гэта трэба бачыць. Некалі тут быў пустуючы ўчастак, які мясакамбінат узяў у арэнду. Частка зямлі пакінута некранутай, а на другой абсталявана база адпачынку: тут шмат розных малых архітэктурных форм, вальер для звяроў, птушак. Ёсць алені, поні, трусы… Словам, заапарк. Плюс да гэтага тут аказваюцца некалі існуючыя, а сёння забытыя паслугі. Можна пракаціцца на карэце, 12-месным дыліжансе, на рысаках у двухмеснай карэце з пазалотай. Ёсць канюшня, атракцыёны.

Гурманы могуць паспрабаваць медавуху, мясцовую, настоеную на лекавых травах,  экзатычныя і нацыянальныя стравы і многае іншае.

Ёсць гасцініца, рэстаран, кафэ.

Немалыя грошы ўкладзены ў мастацкае і эстэтычнае афармленне. Складваецца ўражанне, што ў гэтым  агратурыстычным комплексе сабраны работы ўсіх разьбяроў па дрэве рэспублікі. Абсталяваны маёнтак у архітэктурным стылі 19-20 стагоддзяў.

Кіраўніцтва сцвярджае, што ўся гэта прыгажосць прыносіць не толькі эстэтычнае, маральнае задавальненне, але і прыбытак: турысты едуць з вобласці, рэспублікі, з-за мяжы. Тут  ладзяцца вяселлі, іншыя ўрачыстыя мерапрыемствы.

І галоўнае, што ўсё гэта зроблена з энтузіязмам і душой, чалавекам, які імкнуўся стварыць прыгажосць не нашкодзіўшы прыродзе, а наадварот, максімальна захаваўшы мясцовы ландшафт і каларыт. Ствараецца ўражанне, што кожныя дрэўца, куст, кветка пасаджаны прадумана, з густам.

У плане культуры заходнія беларусы стаяць на ступень  вышэй за ўсходніх. Тым не менш, у агратурыстычным комплексе працуе ахова.

Наступным аб’ектам наведвання стала адкрытае акцыянернае таварыства «Малочны свет». Тут выкарыстоў­ваюцца самыя  перадавыя  і высокія тэхналогіі ў перапра­цоўцы малака. Вытворчасць любога падобнага прадпры­емства звязана з забруджваннем навакольнага асяроддзя, але тут зроблена ўсё магчымае для максімальнай ачысткі вады, сцёкаў, беражліва выкарыстоўваюць ваду. На выхадзе любых выкідаў абсталяваны ачысныя або фільтравыя збудаванні. Гэта прадпрыемства мае міжнародныя сертыфікаты, што дае магчымасць выходзіць са сваёй прадукцыяй на сусветны рынак. Сама наяўнасць сертыфікатаў гаворыць пра адпаведнасць прадпрыемства самым высокім міжнародным экалагічным стандартам не толькі па якасці прадукцыі, але і па ўзроўню тэхналогіі.

Пазнаёмілася дэлегацыя Віцебскай вобласці і з Гродзенскай гарадской гімназіяй. Што адразу кінулася ў вочы ў параўнанні з нашымі школамі? У нас як упрыгожваюць школу? Ну там збан на паліцы, калёсы паставілі, бусліка намалявалі, зайчыка, рамонак… Гэта значыць стварылі нейкую аперэтачную дэкарацыю. Мабыць, гэта таксама на нейкім этапе і ўчастку трэба рабіць. Але там была больш высокая эстэтыка і густ: перш за ўсё, зялёнае адзенне школы, газоны, падпорныя сценачкі, дарожкі. Насаджэнні розных парод дрэў, кветак. Усё гэта выглядае як прыродны ландшафт, па-высокамастацку аформлены. Неабходна з ранняга дзяцінства прывучаюць школьніка да высокіх патрабаванняў культуры, эстэтыкі ў ахове навакольнага асяроддзя, кожнай расліны, дрэўца.

Словам, жывем у ХХІ стагоддзі. І мераць сваю дзейнасць трэба высокімі меркамі, а не аглядвацца ў даўніну сівую. Хаця і там высокаэстэтычных прыкладаў хапае.

Расказ удзельніка рэспубліканскага экалагічнага форуму, начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Эдуарда Зелентава запісаў

Міхаіл Бялоў.