Сацыяльную дапамогу таксама трэба зарабіць

ГСУ адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2013 года № 550, 1 студзеня 2014 года ўступілі ў сілу змяненні ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 41 ад 19 студзеня 2012 года «Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе». Пры якіх умовах цяпер можна будзе разлічваць на дзяржпадтрымку, чытачам «ГС» расказвае намеснік дырэктара ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва Сенненскага раёна» Вольга Суднік.

— Вольга Уладзіміраўна, па-першае, якія віды сацдапамогі аказваюцца сёння?

— Адрасная сацыяльная дапамога ўключае ў сябе пяць асноўных пунктаў — штомесячная і аднаразовая сацыяльная дапамога на набыццё прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў, адзення, абутку, школьных прылад і на іншыя патрэбы; сацыяльная дапамога для пакрыцця затрат на набыццё падгузнікаў для інвалідаў І гр., дзяцей, што маюць ІV ступень страты здароўя; сацыяльная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэ­абілітацыі для інвалідаў ІІІ гр., дзяцей, якія маюць патрэбу ў такіх сродках па медыцынскіх паказчыках; забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця.

Штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца сем’ям і грама­дзянам пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах не перавышае бюджэт пражытковага мінімуму. (Нагадаем, што с 1 лютага па 30 красавіка БПМ складае Br1 млн 128 тысяч 70). Звычайна яна выплачваецца ад 1 да 6 месяцаў. Асобным катэгорыям грамадзян, а гэта адзінокія інваліды I і II групы; адзінокія непрацаздольныя грамадзяне, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту; няпоўныя сем’і, дзе расце дзіця-інвалід да 18 гадоў, яна можа налічвацца на працягу 12 месяцаў.  Дарэчы, з сёлетняга года штомесячная дамапога можа быць накіравана і на пагашэнне даўгоў за жыллё.

Раз у каляндарны год  можна скарыстацца аднаразовай  дапамогай. На яе могуць разлічваць грама­дзяне, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход складае не больш 1,5 велічыні БПМ. Максімальная сума апошняй выплаты можа дасягаць 10 БПМ.

— Колькі сенненцаў скарысталася дзяржпадтрымкай летась і да якіх катэгорый насель­ніцтва яны адносяцца?

— У 2013 годзе штомесячную дапамогу на агульную суму 514,9 млн рублёў атрымала 141 сям’я (498 чалавек). Аднаразовая дапамога на агульную суму 82,5 млн рублёў была выплачана 95 сем’ям (357 чалавек). 145 дзяцей да двух гадоў былі забяспечаны бясплатным харчаваннем. 92 чалавекі звярнуліся за сацыяльнай дапамогай у  выглядзе кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў.

27 чалавек мелі патрэбу ў сацыяльнай дапамозе на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабі­літацыі.

Пераважная большасць атрымальнікаў — малазабяспечаныя няпоўныя і шматдзетныя сем’і. Сярод іх нямала так званых праблемных сем’яў. Аднак, калі дзіця вымаецца з сям’і, выплата дапамогі спыняецца. У прыватнасці, у нашым раёне ў мінулым годзе такі выпадак быў зафіксаваны.

— Не сакрэт, што некаторыя асобы ўспрымаюць сац­дапамогу не як часовую, а як пастаянную крыніцу даходаў і не імкнуцца ад яе адмаўляцца?

— Новыя правілы як раз і разлічаны на прафілактыку ўтрыманства. Яны істотна ўзмацняюць адказнасць тых, хто прэтэндуе на дзяржпадтрымку.

Так, уводзяцца абмежаванні па прадастаўленні штомесячнай сацыяльнай дапамогі адносна працаздольных членаў сям’і (грамадзян), якія на працягу 12 месяцаў, што папярэднічалі месяцу звароту, менш як 6 месяцаў з’яўляліся занятымі або зарэгістраванымі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ў якасці беспрацоўных.

Тое ж самае датычыцца і адраснай дапамогі па забеспячэнні прадуктамі харчавання дзяцей да 2 гадоў. Каб яе атрымаць, працаздольны член сям’і (бацька дзіцяці) на дату звароту павінен быць заняты ці зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага не менш 6 месяцаў у год. Раней, да прыкладу, заяўнік мог не працаваць, ездзіць на заробкі ў тую ж Расію і пры гэтым прызнавацца маючым патрэбу ў сацыяльнай дапамозе. Цяпер такі фокус не пройдзе.

Акрамя таго, уводзіцца план па самастойным паляпшэнні матэрыяльнага становішча. Ён вызначаецца камісіяй па прадастаўленні адраснай сацыяльнай дапамогі. Калі пры паўторным звароце па дапамогу заяўнік не выканаў яго, у прадастаўленні сацыяльных выплат могуць адмовіць. Выключэннем стане невыкананне такога плана па аб’ектыўных прычынах.

Пры звароце за штомесячнай сацыяльнай дапамогай варта помніць, што сям’я павінна рэалізаваць права на атрыманне ў адпаведнасці з заканадаўствам усіх сацыяльных трансфертаў — аліментаў, пенсій, дапамог, стыпендый і т.п. Напрыклад, абавязковая ўмова — зварот у суд з іскавай заявай на атрыманне аліментаў. Такі падыход дасць магчымасць выключыць прадастаўленне дапамогі няпоўным сем’ям, у якіх не прымаюцца меры па прыцягненні да ўтрымання непаўналетніх дзяцей другога з бацькоў.

Змены закранулі і сацыяльную дапамогу ў выглядзе кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў. З 1 студзеня 2014 года яна павялічылася з двух да чатырох разоў на працягу каляндарнага года, але не больш як адзін раз на месяц. Памер выплат устанаўліваецца ў суме, якая не перавышае паўтараразовага памеру бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, дзеючага на дату прыняцця рашэння аб выдзяленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў з ІV ступенню страты здароўя і інваліды І гр., якія знахо­дзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, кампенсацыю не атрымліваюць.

— Вольга Уладзіміраўна, хто прымае рашэнне аб выдзяленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, і куды звяртацца тым, хто хоча яе атрымаць?

— Рашэнне прымае камісія па прадастаўленні адраснай сацыяльнай дапамогі, створаная пры Сенненскім райвыканкаме. Наконт збору дакументаў на атрыманне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі неабходна звяртацца ў Сенненскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцт­ва (г. Сянно, вул. Савецкая, 6, тэл.: 4-41-74, 4-87-24).

 

Гутарыла

Вольга БАНДАРЭВІЧ.