Машканцы — лепшыя сябры «Зорьки»

n2s4Добры падарунак да Каляд паднесла вучням Машканскай школы газета для дзяцей і падлеткаў «Зорька». Рэдакцыя запрасіла іх наведаць  сталіцу нашай краіны — горад-герой Мінск.

Прыняўшы ўдзел у інфармацыйна-пазнавальнай гульні-падарожжы «С «Зорькой» классно мы живём» і паспяхова выканаўшы заданні двух этапаў, выхаванцы школьнага аб’яднання па інтарэсах «Прыгажосць сваімі рукамі» ўзначалілі спіс пераможцаў.
Каманда вучняў пачатковых класаў у складзе трэццякласнікаў Данілы Ляхоўскага, Ані Іваньковай, Лізы Мурашкевіч, другакласнікаў Дарыны Дзядушка, Ільі Супрунюка, Вікі Замасціновіч і першакласніцы Соні Марозавай, як адзначыла кіраўнік аб’яднання па інтарэсах Таццяна Каранеўская, паказала, што і на Сенненшчыне малодшыя школьнікі жывуць дружна і цікава. З «Зорькой» рабяты пасябравалі на занятках аб’яднання. Інфармацыйныя хвілінкі з газетай заўсёды праходзілі з карысцю, бо гэта галоўная газета дзетвары існуе з 1945 года і на яе публікацыях выхоўвалася не адно пакаленне чытачоў. «Прыемна, што для прадстаўлення нашай каманды была адведзена ўся першая старонка», — зазначыла Таццяна Паўлаўна. Пасябравалі з выданнем і бацькі вучняў.  Але галоўнае, што самі дзеці гавораць: «Зорька» — класная газета».
Пераможцы гульні-падарожжа з задавальненнем паедуць у Мінск, пабываюць у рэдакцыі дзіцячага выдання.
Магчымасць «паказаць» сваіх вучняў ёсць у кожнай школы, бо адораных і таленавітых дзяцей ва ўстановах адукацыі нашага раёна, безумоўна, шмат.

 Таццяна Буракова.
 На здымку: удзельнікі гульні-падарожжа «С «Зорькой» классно мы живём».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *