Лішніх дзяцей не бывае

IMG_0097_Таццяна Мірановіч, ураджэнка в.Янова, расла ў сям’і, дзе было двое дзяцей, яна і брат. Магчыма таму і не думала, што яе ўласная сям’я будзе мнагадзетнай. «Так атрымалася, — гаворыць жанчына. — Але кожнае дзіця мне дорага. Наогул лічу, што лішніх дзяцей для маці не бывае».
Тамара Уладзіміраўна не хавае, што расціць чацвярых сыноў і дачку нялёгка. Усякага хапала. У дэкрэтным водпуску была самае вялікае паўгода, ды і то толькі пасля нараджэння першынца, з астатнімі — па тры месяцы. Трэба было працаваць, дапамагаць мужу, саўгаснаму механізатару, зарабляць грошы.
Праўда, прыйшлося кінуць ранейшую работу на запраўцы ў в.Бяленева, на якую ўладкавалася, калі вярнулася на малую радзіму пасля аварыі на ЧАЭС з Гомельшчыны, дзе, скончыўшы Смальянскі сельгастэхнікум, працавала па размеркаванні аграномам. «Разам з дзецьмі пайшла ў садзік,— жартуе Таццяна Уладзіміраўна.  Адпрацавала там шэсць гадоў. А калі малыя падраслі, перайшла ў Яноўскае аддзяленне сувязі, дзе працуе паштальёнам і цяпер.
Гадаваць дзяцей дапамагалі і свякроў і маці. Але «галоўным аўтарытэтам» для іх быў старэйшы сын Віктар. І цяпер, калі ён жыве ў абласным цэнтры і мае ўжо сваю сям’ю, усе чакаюць яго з нецярпеннем. «Слова старэйшага брата для астатніх — закон, — расказвае маці.— Калі прыязджае, заўсёды даручае малодшым нейкія справы. А ў наступны прыезд правярае як зроблена». Работы па гаспадарцы заўсёды хапала. І цяпер у хляве стаяць бык, дзве каровы, куры. Апрацоўваюць гектар агарода.
Дапамагае і другі сын, Сяргей, які таксама прыязджае з Віцебска, дзе жыве з сям’ёй і працуе ў дарожнай арганізацыі.
Дачка Марына вучыцца на трэцім курсе Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Хаця і паступіла » на бюджэт», аднак вучоба запатрабавала немалых выдаткаў: два гады прыйшлося здымаць жыллё, бо месца ў інтэрнаце не давалі.
Малодшыя Міша і Саша яшчэ школьнікі, вучні Багушэўскай школы №1. Адзінаццацікласнік Міша плануе працягваць вучобу ў Гомельскім чыгуначным каледжы, каб набыць прафесію памочніка машыніста. Вучыцца добра, можна было б паступаць і ў вышэйшую навучальную ўстанову гэтага профілю, але, не хавае Таццяна Уладзіміраўна, дваіх студэнтаў ВНУ сям’я не пацягне.
Ніякай асаблівай увагі да сваіх праблем мнагадзетная маці ніколі не патрабавала. Дом, дзе цяпер жыве сям’я, купілі за ўласныя грошы; калодзеж, у якім маюць вялікую патрэбу, можа з цягам часу зробяць таксама самі. Жыццё навучыла спадзявацца ў першую чаргу на сябе, свае сілы і магчымасці. Таму, калі атрымлівала ордэн Маці з рук былога старшыні аблвыканкама Уладзіміра Андрэйчанкі, на пытанне пра жыццёвыя цяжкасці Таццяна адказала: «Дзякую. У мяне ўсё добра».

 Таццяна Буракова.
На здымку: мнагадзетная маці Таццяна Мірановіч.
Фота аўтара.